Помнікі Леніну абліваюць фарбай па ўсёй Беларусі
Па Беларусі пайшла хваля абліцця помнікаў Леніну чырвонай фарбай.
22 красавіка, на дзень народзінаў Леніна — арганізатара перавароту ў Расіі ў 1917 годзе — помнік быў абліты ў Магілёве, 21 красавіка — у Брэсце, у сакавіку — у Браславе і мястэчку Малеч.
У Брэсце міліцыя ў пошуку так бы мовіць злачынцы задзейнічала нават сабак. Знойдзены вінаваты толькі ў Малечы. Ён зайшоў у бліжэйшую ад помніка кавярню памыць рукі ад фарбы. І натрапіў на ўчастковага. Той пры пошуку вінаватага прыгадаў эпізод з мыццём рук.
Гэта не вандалізм, гэта адносіны да гістарычнай постаці, кажа прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна:
— Калі раней людзі хацелі б абліць яго фарбай, але не знаходзілі для гэтага смеласці, то зараз сталі адкрыта праяўляць усе тыя пачуцці, якія даўно наспявалі.
Аляксандар Кабанаў адзначыў:
— Людзі пачалі цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, а ў гісторыі спадар Ленін нам нічога добрага не зрабіў. А па-другое, Украіна побач. Людзі бачаць, як там ідзе дэкамунізацыя. Усе гэтыя Леніны, Дзяржынскія, Свердлавы і так далей — купка маньякаў, якія знішчалі свой народ.
2 мая ў судзе Бярозаўскага раёна адбудзецца адміністрацыйны працэс за абліццё помніка Леніну ў Малечы. А меўся пачацца працэс нават як крымінальны.