Польшча можа ўвесці рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю

Рашэнне аб увядзенні рэжыму НС закране 115 населеных пунктаў у Падляскім ваяводстве і 68 — у Люблінскім.

Фота reuters

Фота reuters

Урад Польшчы выдаў распараджэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў рэгіёнах на мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў у аўторак на прэс-канферэнцыі прэм'ер-міністр Рэспублікі Матэуш Маравецкі, піша ТАСС.

«Сітуацыя на мяжы напружаная, — сказаў ён. — Таму Савет Міністраў пастанавіў звярнуцца да прэзідэнта з просьбай аб увядзенні надзвычайнага становішча на 30 дзён у памежнай зоне — у частцы Падляскага і Люблінскага ваяводстваў».

Рашэнне кабінета міністраў павінен зацвердзіць прэзідэнт Польшчы. Плануецца, што яно неадкладна ўступіць у сілу.

Як растлумачыў міністр унутраных спраў і адміністрацыі рэспублікі Марыюш Каміньскі, рашэнне аб увядзенні рэжыму НС закране 115 населеных пунктаў у Падляскім ваяводстве і 68 — у Люблінскім. У прыватнасці, яно азначае забарону правядзення масавых і забаўляльных мерапрыемстваў.

Раней Польшча і Літва звярнуліся з заклікам да Еўрасаюза прымяніць больш жорсткія меры ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам у рэгіёне. З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Гэта амаль у 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

Паводле даных МУС Польшчы, з пачатку жніўня было зарэгістравана больш за 3 тыс. спроб нелегальна пракрасціся ў краіну з тэрыторыі Беларусі. Летась іх было 120. У панядзелак Мінабароны Польшчы абвясціла аб пачатку будаўніцтва на польска-беларускай мяжы плота з калючага дроту вышынёй 2,5 метры. У дапамогу памежнай ахове армія выдзеліла 2 тыс. салдат для аховы мяжы.