Пісьменнік Дзмітрый Быкаў: Такія людзі, як Калеснікава, — сталёвыя, і я імі захапляюся
Улады Беларусі вельмі моцна спалохаліся за Марыю Калеснікаву, якая трапіла ў рэанімацыю, бо для іх «забіты баец больш небяспечны, чым жывы», перадае словы расійскага пісьменніка Дзмітрыя Быкава «Салідарнасць» са спасылкай на ютуб-канал Хадаркоўскі Live.
— Такія людзі, якія зрабілі свой выбар, — сталёвыя, і я імі захапляюся, але назваць плённым знаходжанне ў турме ніхто не можа, — распавёў Дзмітрый Быкаў. — Я разумею выбар Марыі Калеснікавай, як і тых расійскіх палітычных дзеячаў, хто натхняецца шляхам, які зрабіў Мандэла і іншыя змагары за афрыканскае адзінства (зразумелая справа, мы да Афрыкі цяпер наблізіліся па частцы правоў чалавека, а хутка дагонім і перагонім).
Так, можа быць, для людзей, якія бачаць сябе будучымі
лідарамі або духоўнымі лідарамі сёння, гэты выбар зразумелы, можа быць, гэта
такое «я цябе не баюся»... Але я б нікому не параіў садзіцца, не бачу ў гэтым
ніякага сэнсу.
Кажучы аб Беларусі, я ўпэўнены, яны там цяпер вельмі моцна
спалохаліся за Калеснікаву. Калеснікава і так сімвал супраціву, а калі, не дай
Бог, яе замучаць у турме, гэта будзе сімвал расправы — прытым у абодва канцы, гэта
заўсёды люстрана.
Выказваючы павагу і салідарнасць з актывістамі супраціву
рэжыму, пісьменнік цытуе Буша-малодшага: «Мы сведчым сваю павагу ўсім
арыштаваным змагарам за свабоду, таму што ўсведамляем, што ў хуткім часе ім
трэба прайсці кіраўніцтва сваімі краінамі»:
— Не ведаю, ці сам прыдумаў Буш ці яму напісалі. Але хто б
ні напісаў, гэта чыстая праўда.
А вось адносна дзіўнага маўчання беларускіх уладаў пра
смерць кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея пісьменнік не схільны рабіць паспешных
высноў:
— Я прачытаў мноства канспіралагічных версій пра тое, што
Макей праводзіў сепаратныя, у духу Шцірліца, перамовы з Захадам, спрабуючы
выгандляваць нейкія прэферэнцыі для Лукашэнкі — маўляў, мы не будзем выконваць
тыя ці тыя распараджэння Пуціна ці ўдзельнічаць у «спецаперацыі», ці будзем паступова выходзіць з ізаляцыі, а вы нам за
гэта варэнне і печыва…
І версія пра «крамлёўскі след» лагічная, але
менавіта таму, што яна занадта лагічная, яна не здаецца мне верагоднай. Я не
думаю, што Уладзіміра Макея хтосьці забіў.
Ён быў з тых чыноўнікаў Беларусі, да якіх у свеце
прыслухоўваюцца, хто быў паспяховым перамоўшчыкам. І прыбіраць або дазваляць
прыбраць яго, — не ў тым становішчы знаходзяцца кадры ў Беларусі, каб Аляксандр
Лукашэнка санкцыянаваў або стрываў такую рэч.
Таму я заўсёды згаджаюся з тым меркаваннем, што калі
што-небудзь у гісторыі выглядае занадта лагічна, гэта амаль заўсёды няправільна
і з рэальнай ланцугом выпадковасцяў не вельмі стыкуецца.
Таму тут я пачакаў бы вінаваціць расійскія спецслужбы ў
гібелі Макея. Але нагадаў бы, што рэпутацыя — значная рэч: калі ім прыпісваюць
такое, то ўжо сапраўды не на пустым месцы.