Павел Усаў: «Так маладыя людзі рабілі ўласную гісторыю і зрабілі яе на доўгія 30 год»
Палітолаг дзеліцца асабістымі ўспамінамі пра свой першы і апошні ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.
Павел Усаў: «30 год таму. Вынік галасаваньня быў чаканы.
Галасаваць за Кебіча людзі неяк не жадалі, у тралейбесах і аўтобусах, асабліва грамадзяне сталага веку казалі, «хто заўгодна, толькі не Кебіч, ен жа паляк», яны ж там навараваліся, а «этот наш, простой, порядок наведёт».
Для мяне гэта было як прыгавор. Ужо вынік першага туру. Неяк інтуітыўна разумеў, што перамога Лукашэнкі абернецца катастрофай для краіны. Былі мрочныя прадчуваньні.
Перад першым турам выбараў намагаўся пераканаць сваіх аднакурснікаў/ніц ісьці галасаваць супраць Лукашэнкі і Кебіча, але калегі з усьмешкамі адмахваліся.
Якія выбары, што гэта. Якая Беларусь з яе мовай. Тады нам, студэнтам гістфака было па 18-19 год, і абсалютнай большасьці было напляваць на лёс краіны, яны ўсьцяж жылі ў ценю імперыі, калі нехта ужо зьверху даўно вырашыў што і як.
Так маладыя людзі рабілі ўласную гісторыю і зрабілі яе на доўгія 30 год. 1994 год, гэта былі мой першы і апошні ўдзел у выбарах».
30 гадоў таму першым прэзыдэнтам Беларусі ў другім туры абралі Аляксандра Лукашэнку. 10 ліпеня 1994 адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Для большасьці палітызаванай публікі зыход выбараў выявіўся нечаканым, бо на пачатку кампаніі ў Лукашэнкі не было падтрымкі ні дзяржапарату, ні партыйных структураў, ні буйнога бізнэсу, нагадвае «Радыё Свабода».
У ходзе выбарчай кампаніі Лукашэнка некалькі разоў парушаў заканадаўства. Кожны з гэтых выпадкаў мог стаць падставай для расьсьледаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіяй паводзінаў кандыдата ў прэзыдэнты. Аднак ня стаў.
Ад 10 ліпеня 1994 году і па сёньняшні дзень усе выбары і рэфэрэндумы ў краіне праходзяць са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, усе апанэнты Лукашэнкі і ягоных стаўленікаў жорстка перасьледуюцца. Тысячы людзей за гэтыя 30 гадоў апынуліся ў турмах з палітычных прычынаў, шмат беларусаў вымушана пакінулі краіну, утварыўшы яшчэ некалькі хваляў эміграцыі.