«Патрабуем вярнуць у Беларусь правасуддзе!» Заява TUT.BY па справе «нуль праміле»
2 сакавіка суд абвясціў прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч і лекару БХМД Арцёму Сарокіну. Кацярына прысуджаная да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічынь, доктар Сарокін — да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых. Яго вызвалілі ў зале суда, Кацярына застаецца пад вартай. З гэтай нагоды партал TUT.BY зрабіў адмысловую заяву.
Кацю і Арцёма прызналі вінаватымі ў «разгалошванні медыцынскай
таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы». Суд быў закрытым, і мы не ведаем,
якія доказы прыводзіў бок абвінавачвання. Мы ведаем, як Каця працавала над
матэрыялам, і распавядалі вам пра гэта.
Раніцай 13 лістапада Каця атрымала заданне праверыць дакладнасць апублікаванага ў
сеціве дакумента аб
тым, што ў
крыві збітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Праз
некаторы час на TUT.BY быў апублікаваны артыкул «Лекар БХМД: у Рамана
Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі».
Сям'я Рамана Бандарэнкі не мела і не мае прэтэнзій ні да
Каці, ні да доктара Арцёма Сарокіна, які і пацвердзіў нашай журналістцы
дакладнасць дакумента. Больш за тое, стрыечная сястра Рамана паведаміла, што
сям'я дала дазвол на публікацыю матэрыялаў, якія тычацца стану здароўя Рамана.
Мы, журналісты, рэдактары і ўсе супрацоўнікі TUT.BY, лічым
прысуд незаконным і несправядлівым. Адзіным справядлівым рашэннем, на наш
погляд, быў бы апраўдальны прысуд.
Больш за тое, сам факт распачынання крымінальнай справы ў
дачыненні да Кацярыны Барысевіч і доктара Сарокіна, а таксама іх доўгае ўтрыманне пад вартай мы лічым абуральным, цынічным і абсурдным.
Па-першае, звесткі пра стан Рамана Бандарэнкі агучваліся не
толькі фігурантамі справы, але і шматлікімі іншымі крыніцамі, у тым ліку
прадстаўнікамі ўлады.
Па-другое, нам здаецца відавочным, што «павышэнне
напружанасці ў грамадстве» (фармулёўка пракуратуры) выклікала не тое, што
ў крыві Рамана не было алкаголю, а тое, што малады чалавек быў збіты да смерці
невядомымі. Бо стыхійная акцыя памяці Рамана прайшла ў двары на Чарвякова
ўвечары 12 лістапада, задоўга да публікацыі Кацінага артыкула. А адсутнасць
крымінальнай справы (яна была распачата толькі 18 лютага, за суткі да пачатку
суда над Кацяй і доктарам Сарокіным), як і затрыманых у сувязі з гвалтоўнай
смерцю Рамана Бандарэнкі, а таксама адсутнасць якой-небудзь рэакцыі на
журналісцкія расследаванні пра падзеі 11 лістапада ў «Двары Перамен» якраз
маглі садзейнічаць «стварэнню атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў».
Мы таксама перакананыя, што менавіта пераслед і абвінаваўчы
прысуд у дачыненні да Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна здольныя
падарваць давер да дзяржорганаў.
Мы лічым, што прысуд Каці — гэта і помста ёй персанальна за яе
працу і спроба аказаць ціск на TUT.BY і іншыя незалежныя медыя.
Мы патрабуем неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч! Мы патрабуем вярнуць у Беларусь правасуддзе!»
Рэдакцыя «Новага Часу» далучаецца да заявы нашых калег з TUT.BY, патрабуе вызваліць Кацярыну Барысевіч і спыніць ціск на незалежныя СМІ.