Навошта каталікі збіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносін
Каталіцкі касцёл абвясціў пра агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі ў абарону традыцыйнай сям’і і прыняцця закону супраць прапаганды аднаполых адносін, паведамляе Радыё Свабода.
Гэта пацвердзіў Свабодзе прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Санько.
Вінаватыя СМІ і сацыяльныя сеткі
Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам, у якім адзначаецца, што ў Беларусі ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасцяў інстытуту сям’і.
І вінаватыя ў гэтых «тэндэнцыях непавагі» СМІ і сацыяльныя сеткі.
«У першую чаргу яны скіраваныя на дзяцей і моладзь праз СМІ, сацыяльныя сеткі, спецыяльныя семінары па гендарнай роўнасці, квір-фестывалі, падручнікі для псіхолагаў і журналістаў», — падкрэсліваюць аўтары звароту.
Сябра Экспертнай рады Уладзіслаў Валаховіч сказаў Свабодзе, што ініцыятыва паходзіла ад самога мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
«Збор подпісаў ідзе каля касцёлаў пасля святой імшы. Адмыслова вызначаных людзей, адказных за збор подпісаў, няма. Збіраюць подпісы проста неабыякавыя людзі, якіх турбуе гэтая праблема, бо гэта адпавядае вучэнню каталіцкага касцёла. Людзі падпісваюцца вельмі ахвотна. Дакладную лічбу пакуль не скажу, таму што ўвесь час колькасць падпісантаў расце. Але гаворка ідзе ўжо пра некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў, сабраных сёлета», — кажа спадар Валаховіч.
«Гэта не сацыялістычнае спаборніцтва. Колькі назбіраем подпісаў, столькі і будзе»
Паводле сябра Экспертнай рады Уладзіслава Валаховіча, подпісы збіралі яшчэ летась — за два тыдні больш за 7000 чалавек падпісаліся пад зваротам да Лукашэнкі аб забароне прапаганды аднаполых зносінаў.
На пытанне, колькі трэба сабраць сёлета, якая пастаўленая задача, Уладзіслаў Валаховіч адказаў з гумарам:
«План не даводзілі, гэта не сацыялістычнае спаборніцтва. Колькі назбіраем подпісаў, столькі і будзе. Наша асноўная задача — каб каталікоў пачулі».
Каталіцкі касцёл у Беларусі таксама звяртаецца да заканадаўцаў з заклікам распрацоўваць і прымаць законы «ў адпаведнасці з вечна актуальнымі этычнымі нормамі».
«Каталіцкі Касцёл рашуча абараняе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, выступае супраць садомскага граху, які з'яўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсце да Неба. А за грэшнікаў, якія свядома парушаюць шостую Божую запаведзь, у тым ліку за тых, якія маюць аднаполыя зносіны, трэба маліцца і заклікаць іх да навяртання», — гаворыцца ў звароце.
«Некарэктны сам змест петыцыі, скіраваны на тыя групы, якія і так знаходзяцца ў сітуацыі ціску»
Тэолаг і праваабаронца Наталля Васілевіч кажа, што вернікі, як і іншыя групы ў грамадстве, маюць права выказваць свае меркаванні і нейкім чынам спрабаваць уплываць на дзяржаўную палітыку. У тым ліку і каталікі могуць выступаць з ініцыятывай і збіраць подпісы, і ЛГБТ маюць права стаяць каля таго ж касцёла і збіраць подпісы пад альтэрнатыўнымі петыцыямі.
«Але, на мой погляд, некарэктны сам змест петыцыі, скіраваны на тыя групы, якія і так знаходзяцца ў сітуацыі ціску, дыскрымінацыі ў Беларусі. У сітуацыі, калі ёсць выпадкі гвалту ў дачыненні да людзей альтэрнатыўнай сексуальнай арыентацыі. Прычым гвалту брутальнага, аж да забойства, а дзяржава з гэтым не змагаецца і нічога не робіць, каб людзі маглі вольна жыць і не баяцца за сваю бяспеку. Гэта спрыяе новаму раздраю ў грамадстве, падвышэнню градусу агрэсіі і нянавісці.
Магчыма, царква проста не дае рады данесці ў вольнай грамадскай дыскусіі дастаткова зразумела і пераканаўча для сваіх прыхаджанаў ці шырокага грамадства пазітыўнае аблічча таго, што яны называюць „традыцыйнай сям’ёй“.
Так, сям’ю і традыцыйныя каштоўнасці можна падтрымліваць і прапаведаваць, але не такімі метадамі: царква не павінна прыцягваць дзяржаву як рэпрэсіўны апарат, які будзе навязваць грамадству пэўныя мадэлі паводзінаў як адзіна правільныя. Сама па сябе традыцыйная сям’я не з'яўляецца нечым выключна добрым», — кажа Наталля Васілевіч.
svaboda.org