Наталлю Ганчарэнка асудзілі — і вызвалілі ў залі суда
Палітзняволеную Наталлю Ганчарэнка асудзілі да 3 гадоў «хіміі», паведамляюць праваабаронцы.
31-гадовая Наталля Ганчарэнка знаходзілася пад вартай тры месяцы — з 31 траўня 2022 года. Яе затрымалі ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).
У «палонным» відэа, якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, Наталля Ганчарэнка казала, што перакрывала рух транспарту падчас жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе, была падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама зарэгістравалася ў плане «Перамога».
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 30 жніўня суддзя Юрый Машкетаў пачаў разглядаць справу палітзняволенай. Учора, 31 жніўня, Наталлі быў агучаны прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Яе вызвалілі ў залі суда.
Вядома, што на працэсе «Мінсктранс» выставіў пазоў за пяць эпізодаў на 98 тысяч рублёў — яго вынеслі ў асобную грамадзянскую вытворчасць.