Найміты і «аднаўленне справядлівасці»: не запрашайце ваўка ў дом

Калі ты запрашаеш ваўка ў дом, трэба быць гатовым да таго, што ён цябе калі не з'есць, дык пакусае, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Кампанскія воіны IV-III стагоддзяў да н.э. на роспісе. Мастацкі музей, Бостан. Фота pinterest.com


Кампанскія воіны IV-III стагоддзяў да н.э. на роспісе. Мастацкі музей, Бостан. Фота pinterest.com

Улічваючы як некаторым надта карціць, каб з імі найхутчэй падзяліліся багатым ваенным досведам, я баюся, зноў будзе дарэчы распавесці гісторыю пра тое, што на абяцанні наймітаў спадзявацца не варта.

У той час на поўдні Італіі рымляне ваявалі з царом Пірам. Баючыся, што вайна можа дакаціцца і да іх, жыхары горада Рэгій папрасілі Рым даслаць ім гарнізон для абароны.

Пасылаць уласна рымскіх салдат сенату было шкада. Усё ж такі ішла вайна, і рымскія салдаты былі занятыя справай. Але і крыўдзіць саюзнікаў не хацелася. Таму замест рымлян сенат адправіў у Рэгій атрад кампанскіх наймітаў. Забілі, можна сказаць, двух зайцоў. З аднаго боку, паказалі павагу да саюзнікаў, а з другога — пазбавіліся ад наймітаў, на адданасць якіх нельга было спадзявацца.

Але жыхары Рэгія ўзрадаваліся і гэтаму. Кампанскія найміты славіліся жорсткасцю, так што рэгійцы разлічвалі, што яны можа яшчэ і падзеляцца сваім багатым ваенным досведам.

Глядзіце таксама

Пару гадоў найміты сумленна выконвалі свае абавязкі і маральна раскладаліся. Таму што ніякі вораг на горад не нападаў. Але пры гэтым найміты бачылі, як жывуць рэгійцы — і чым далей, тым больш абураліся такой жахлівай несправядлівасці. Бо пакуль яны цягнулі салдацкую службу, рэгійцы атрымлівалі асалоду ад багацця і мірнага жыцця.

Увогуле, урэшце найміты вырашылі ўзяць аднаўленне справядлівасці ў свае ўласныя рукі. Неяк ноччу яны паўсталі і планамерна выразалі ўсіх гараджан, хто мог бы аказаць ім супраціў. «Паўстанцы-найміты заставалі рэгійцаў падчас піру або калі тыя спалі, яны забівалі іх ва ўласных дамах, хоць тыя малілі іх пра літасць, прыпадалі да іх каленяў і пыталіся, чаму яны зведалі такія пакуты. Найміты ж не шкадавалі нікога — ні з-за ўзросту, ні з-за па становішча».

Пасля гэтага ў Рэгіі паўстала сапраўдная разбойніцкая рэспубліка. Карыстаючыся тым, што ў Італіі ішла вайна, кампанцы рабавалі ўсіх, да каго толькі маглі дацягнуцца. Што паробіш? Такое ўжо ў наймітаў было ўяўленне пра справядлівы і разумны дзяржаўны лад.

Глядзіце таксама

Але вайна ўрэшце скончылася. Для Рыма існаванне пад бокам разбойніцкай рэспублікі было не толькі раздражняльным, але і абразлівым. Усё ж такі людзі, якім яны плацілі, зладзілі разню ў саюзным для Рыма горадзе. Аблога Рэгія рымлянамі доўжылася больш за год. Урэшце горад паў. Тры сотні ацалелых наймітаў былі захопленыя ў палон і пакараныя як дэзерціры і мяцежнікі.

Трэба думаць, ацалелыя рэгійцы не раз паспелі пашкадаваць аб тым, што яны вырашылі даверыць абарону свайго горада наймітам. Калі ты запрашаеш ваўка ў дом, трэба быць гатовым да таго, што ён цябе калі не з'есць, дык пакусае. Таму што такая ўжо ў яго ваўчыная натура. Драпежнік, што з яго ўзяць? Такі ж драпежнік, як сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.