Можна забіваць — і за гэта нічога не будзе

Заўтра малебен для вязняў, якія запісаліся да «Вагнера». 150 зняволеных Іванаўскай калоніі гатовыя паехаць ваяваць ва Украіну.

vahner.jpg

Пра гэта «Важным гісторыям» распавёў сваяк аднаго з асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў ПК-2 Таліцы Іванаўскай вобласці. 

Паводле звестак суразмоўцы, з ПК-2 рыхтуюць да адпраўкі 150 чалавек. Вывезці з калоніі іх могуць ужо ў гэты чацвер, 1 верасня. Мяркуецца, што з Іванава іх павязуць у Растоў-на-Доне, дзе яны будуць праходзіць «двухтыднёвую падрыхтоўку».

Вербаваць зняволеных, як і ў многіх іншых выпадках, у калонію прыязджаў асабіста Яўген Прыгожын з зоркай Героя Расіі на грудзях. Разам з ім быў нават кіраўнік ФСВП па Іванаўскай вобласці Васіль Мелюк, распавёў суразмоўца «Важных гісторый».


«Прыгожын ім казаў, як крута быць у яго групе «Салдат поспеху». Казаў, што асуджаныя будуць забіваць ворага — і ім за гэта нічога не будзе. Кляўся, што ў выпадку гібелі цела забітага вернуць родным: нібыта для яго гэта прынцыповы момант, а сваякам заплацяць 5 мільёнаў рублёў.

Таксама казаў, што ў яго [Прыгожына] ёсць тры патрабаванні да «добраахвотнікаў»: не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць — дэзерціраў, з ягоных слоў, будуць расстрэльваць».

Сярод іншага Прыгожын нібыта распавядаў, як ваяваў «у інтарэсах Расіі на тэрыторыі Афрыкі» і «адразаў вушы неграм», што «адседзеў 10 гадоў», але адкупіў свае грахі перад Радзімай і цяпер «двойчы Герой Расіі».

Пасля гэтай сустрэчы «добраахвотнікаў» павялі на «сумоўе», у іх пыталіся памер галавы, памер абутку, рост і вагу. Яны пісалі прашэнне аб памілаванні. Ніякіх кантрактаў асуджаныя не падпісвалі: паперы ім абяцалі даць на подпіс ужо «на месцы».


Заўтра, 31 жніўня, у ПК-2 прыедзе святар айцец Ігар, каб правесці ў мясцовым манастыры малебен «для воінаў, якія запісаліся на спецаперацыю».

Па словах крыніцы выдання, зняволеныя паміж сабой абмяркоўваюць, што з іншых калоній Іванаўскай вобласці таксама рыхтуюць групы людзей на адпраўку ва Украіну. Па іх звестках, з ПК-4 (Кінешма) далучыцца да «Вагнера» захацелі 300 чалавек, з ПК-5 (Кохма) — яшчэ 200.

Паводле «Настоящее Время», «Важныя гісторыі»