Пастухоў: Грошы плюс аўтамат у руках прафесійных забойцаў з турмы — расійскі «кактэйль Молатава»
Расія ўступае ў якасна новую стадыю — стадыю мэтанакіраванага маральнага разбэшчвання непаўналетняга ў грамадзянскім сэнсе народа, — піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Уладзімір Пастухоў.
За апошнія некалькі тыдняў у геаметрычнай прагрэсіі сталі памнажацца сведчанні таго, што значная частка «патрыятычна» настроеных жыхароў Расіі любяць радзіму асаблівай любоўю – гэта значыць, за грошы.
Патрыятызм і выплаты за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, якія ў сярэднім у 10 разоў перавышаюць сярэднія даходы па рэгіёнах (як паказала даследаванне «Новай газеты»), дзейнічаюць лепш, чым проста патрыятызм.
Пра сем'і забітых і параненых, што больш заклапочаныя праблемамі з атрыманнем кампенсацыйных выплат, чым спробай асэнсаваць, за што і чаму загінулі іх блізкія, размова асобная. У глыбінцы мала хто хавае, што людзі едуць ва Украіну зарабіць. Штосьці мне падказвае, што значэнне «салаўіных трэляў» прапаганды ў справе фарміравання рускага экспедыцыйнага корпуса моцна пераацэнены, а роля Міністэрства фінансаў моцна недаацэнена. Галоўны ўклад у поспехі расійскай арміі ўносяць сёння не генералы, а бухгалтары, якія забяспечваюць гэтае войска гарматным мясам, якое генералы бяздарна спальваюць ва ўкраінскай топцы. У апошнім выпадку спашлюся на сумніўны аўтарытэт Стралкова — яму лепей відаць.
Асабняком стаіць узнятая Вольгай Раманавай тэма турэмнага «дабравольніцкага руху». Калі звесткі аб масавым рэкрутаванні зэкаў у войска хоць бы часткова пацвердзяцца, то гэта многае растлумачыць у характары і залішняй жорсткасці гэтай вайны. Грошы плюс аўтамат у руках прафесійных забойцаў, выпушчаных з турмы, – гэта ці не «кактэйль Молатава» Расіі XXI стагоддзя?
Падобна на тое, працэс расчалавечвання жыхароў Расіі, пра які шмат гаварылася і пісалася ў пачатку гэтай вайны (у тым ліку і мной), уступае ў якасна новую стадыю — стадыю мэтанакіраванага маральнага разбэшчвання непаўналетняга ў грамадзянскім сэнсе народа. Наступствы гэтага разбэшчвання, калі сумленне глушаць грошы — што афіцыйна выплачваюцца, і неймаверныя па звыклых мерках гэтага непатрабавальнага ў побыце народа, — Расія будзе адчуваць многія дзесяцігоддзі пасля заканчэння гэтай страшнай вайны.