На патрабаванне моўнай роўнасці Салігорскі выканкам адказаў адпіскай

Намеснік старшыні Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Уладзімір Масакоўскі звярнуўся да мясцовых уладаў з прапановамі, якія б на практыцы замацавалі роўны статус беларускай і рускай моваў. У адказ жа ён атрымаў чарговую бюракратычную адпіску.



90306a0237c000d33f4dbd3f8f41ba7c.jpg

У сваёй заяве на імя старшыні Салігорскага райвыканкама спадар Масакоўскі прапаноўваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця горада і раёна прывесці статус дзяржаўнасці беларускай мовы ў адпаведнасць з артыкулам 17 Канстытуцыі Беларусі. У якасці прыкладу дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзян у заяве былі згаданыя інфармацыйныя дарожныя указальнікі з надпісамі на двух мовах — рускай і англійскай.

Жадання ліквідаваць фактычна існуючую моўную няроўнасць улады не праявілі. Старшыня райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі на закіды Уладіміра Масакоўскага адказаў фармальнай спасылкай на заканадаўча замацаванае “ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця”. Захаванне статус-кво спадар Рымашэўскі аргументаваў юрыдычнымі хітрыкамі Закона “Аб мовах”, паводле якога “афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў... даюцца на беларускай і (або) рускай мовах”.

Зрэшты, просьбу Маскоўскага паведаміць пра асобу, якая нясе адказнасць за выкананне Закона “Аб мовах” ва ўстановах і суб’ектах гаспадарання горада і раёна, старшыня Салігорскага райвыканкаму наогул праігнараваў.

spring96.org