«Можна не ведаць беларускую мову, але тады не варта працаваць на публічнай працы»
У сацсетках актыўна абмяркоўваюць дырэктара клуба «Dozari», які заявіў журналісту, што не разумее пытанняў на беларускай мове. Так ці павінны мы валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі? Ці хопіць адной?
Скандал з вядомым мінскім клубам «Dozari» вось ужо
некалькі дзён актыўна абмяркоўваюць у фэйсбуку. А пачалося ўсё з таго, што да арт-дырэктару клуба Аляксандру Кроітару патэлефанаваў карэспандэнт газеты «Наша Ніва». Журналіст хацеў задаць пытанні аб вечарыне «Russian night» з лозунгам «Рускім быць модна» (на плакатах-запрашэннях намаляваны Пуцін, аўтамат
Калашнікава і матрошкі). Пытанні журналіста арт-дырэктар не зразумеў. «Я
рускі з Сібіры», — патлумачыў ён. На заўвагу журналіста, што ён знаходзіцца на тэрыторыі
Беларусі, Кроітар заявіў: «Якая розніца, дзе я знаходжуся». Пасля гэтага карэспандэнт задаў пытанні на рускай мове, але Аляксандр ужо адмовіўся ад
каментароў.
Рэзкія выказванні арт-дырэктара абурылі многіх беларусаў. У сацыяльных сетках на яго пасыпаліся гнеўныя каментары. Але шмат хто стаў на абарону Аляксандра, маўляў, у краіне дзве дзяржаўныя мовы,
таму ён не павінен ведаць беларускую. Тым больш, што сам Кроітар — грамадзянін Расіі.
«Камсамолка» папрасіла пракаментаваць гэтую сітуацыю юрыста і праваабаронцу Уладзіміра
Лабковіча.
— Згодна з чацвёртым артыкулам закона аб мовах кіраўнікі і
супрацоўнікі не толькі дзяржпрадпрыемстваў, але і іншых арганізацый і ўстаноў і нават грамадскіх аб'яднанняў краіны павінны валодаць дзвюма мовамі, — кажа юрыст. — Менавіта ў тым аб'ёме, у якім ён патрэбны для выканання імі службовых
абавязкаў. Можна не ведаць беларускую мову, але тады не варта працаваць на публічнай працы.
— Ці азначае гэта, што ўсе беларусы абавязаны ведаць
дзве дзяржаўныя мовы?
— У асабістых зносінах можна размаўляць хоць на карэйскай.
Але дзяржаўныя органы, арганізацыі або прадпрыемствы, куды мы звяртаемся, у незалежнасці ад формы ўласнасці, павінны разумець і рускую, і беларускую. Ёсць яшчэ закон аб зваротах грамадзян, у якім
выразна прапісана, што адказы на пісьмовыя звароты павінны быць на той мове, на якім яны складзеныя. Гэта значыць, калі на беларускай мове, то і адказ павінен быць на ёй.
— А ў краме абавязаны адказваць на беларускай, калі я
на ёй звяртаюся?
— Вядома, у ідэале, вам павінны адказваць на той
мове, на якой вы звярнуліся. Але дакладных патрабаванняў у законе няма. У любым выпадку, вас павінны зразумець і абслужыць. І не павінны патрабаваць пераходу на рускую мову. Не павінна быць фраз
тыпу «размаўляйце на нармальнай мове» і іншых абразлівых выказванняў наконт мовы, на якой вы гаворыце.
— Гэта значыць, калі прадавец у краме не разумее, да
прыкладу, маю беларускую, то я магу пісаць скаргу?
— Так, вы маеце на гэта права.
БУДЗЬ У КУРСЕ!
Вас не разумеюць? Пішыце скаргу
Калі вы размаўляеце на адной з дзяржаўных моў, а вас не разумеюць і адмаўляюць на гэтай падставе, пішыце скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў. Не важна, гэта звычайная крама ці выканкам. Кнігу вам
павінны выдаць па першым патрабаванні. У сваёй скарзе апішыце сітуацыю і спашліцеся на артыкул 4 закона аб мовах Рэспублікі Беларусь. На працягу 15 дзён вам павінны даслаць ліст з адказам, што
зроблена па скарзе. З работнікам, які вас не зразумеў, могуць правесці тлумачальную гутарку, прымяніць дысцыплінарнае спагнанне альбо нейкім іншым спосабам адрэагаваць на вашу скаргу. Калі адказу
няма, то звяртайцеся ў вышэйстаячы орган.
kp.by