Актывіст заклікае беларускія ўлады дэпартаваць арт-дырэктара клуба Dozari

Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор звярнуўся ў пракуратуру і Мінгарвыканкам у сувязі з правядзеннем у мінскім клубе Dozari вечарынкі «Русским быть модно», назву якой ён лічыць заклікам да міжнацыянальнай варожасці.



illya_dabratvor.jpg

У інтэрв'ю Радыё Свабода Ілля Дабратвор заявіў, што да мерапрыемстваў такога кшталту, як вечарынка «Русским быть модно», трэба ставіцца сур’ёзна, бо ў «Луганску і Данецку ў свой час усё пачыналася менавіта з такіх мерапрыемстваў».
«Мяне абурыла сама назва мерапрыемства. То бок, яны лічаць, што «рускім быць модна», а беларусам быць не модна. І пры гэтым яны праводзяць гэтае мерапрыемства ў сталіцы Беларусі. Калі б гэта было ў Маскве, то гэта была б іх справа. У Маскве яны могуць праводзіць мерапрыемствы, якія яны хочуць. Але я лічу, што гэта здзек — праводзіць мерапрыемства пад лозунгам «Русским быть модно» там, дзе большасць насельніцтва — беларусы», — упэўнены Дабратвор.
«Як я ў сваім звароце ўпамянуў, агрэсіўнай рэкламай, то бок выкарыстоўваннем аўтамата, яны проста паказваюць, як яны збіраюцца праводзіць у жыццё на тэрыторыі Беларусі свой лозунг «рускія — гэта модна». То бок дзейнічаць, як у Луганску і Данецку. Я лічу гэта небяспечным напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 году, бо мы не можам прадказаць, як яны будуць дзейнічаць», — кажа актывіст.
Дабратвор лічыць, што прадказаць рэакцыю дзяржаўных органаў на гэты зварот цяжка. На ягоную думку, улады самі занепакоеныя прарасійскай імперскай прапагандай, якая пагражае беларускай дзяржаве.
Актывіст таксама ўзгадаў сітуацыю з праваабаронцай Аленай Танкачовай, якую збіраюцца дэпартаваць у Расію, і звярнуў увагу на асобу арт-дырэктара Dozari Аляксандра Краітара, які мае расійскае грамадзянства.
«Яна (Танкачова) не праводзіла антыдзяржаўнай дзейнасці. Яна не казала, што расіяне — гэта такая нацыя, якая стаіць вышэй за беларусаў. Але яе высылаюць. Таму я лічу, што ёсць тая нагода, каб дэпартаваць грамадзяніна Расіі (арт-дырэктара Dozari), які праводзіць антыбеларускую дзейнасць. Тым больш я лічу, што ён на гэтым не спыніцца і будзе працягваць», — адзначыў ён.
Раней у адным з сваіх інтэрвію Аляксандар Краітар заявіў, што паміж Беларуссю і Расіяй няма межаў і ён успрымае Беларусь як рэгіён Расіі. Дабратвор бачыць у гэтых выказваннях распальванне сепаратысцкіх настрояў у Рэспубліцы Беларусь.
Актывіст патрабуе ад уладаў прыняць меры, каб не дапускаць надалей правядзення мерапрыемстваў такога кшталту, як вечарынкі «Русским быть модно», а таксама просіць прыцягнуць да адказнасці арганізатараў вечарынкі аж да «дэпартацыі з тэрыторыі Рэспублікі за антыдзяржаўную дзейнасць і распальванне міжнацыянальнай варожасці».
svaboda.org