Мінкультуры: мы не давалі дазвол на пракладку кабеля ля Курапатаў
Міністэрства культуры не давала дазвол на пракладку кабеля ў ахоўнай зоне Курапатаў. Пра гэта паведаміла першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская ў адказе на зварот каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» да міністра культуры Юрыя Бондара.
Нагадаем, 29 лістапада ў вясковым доме культуры аграгарадку Лясны пад Мінскам адбылося грамадскае абмеркаванне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекта кампаніі А-100 «Будаўніцтва жылога раёна з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва каля вёскі Копішча Мінскага раёна. Кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кілавольт».
Падчас грамадскага абмеркавання адзначалася, што ў ахоўнай зоне гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты» на паўночны захад ад яе раней была пракладзена дзеючая траса інжынерных камунікацый (для вады, газу, электрычнасці, цяпла, тэлефоннай сувязі і каналізацыі). Побач з гэтай дзеючай трасай зноўку ў ахоўнай зоне Курапатаў мяркуецца пракласці новую трасу пад кабель у 10 кілавольт.
Апроч таго, каля паловы даўжыні трасы запланаванай пракладкі кабелю ўздоўж Заслаўскай шашы таксама праходзіць не ў створы існуючай трасы інжынерных камунікацый ў паласе адводу аўтадарогі, а ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Як стала вядома грамадскасці, архітэктары — аўтары праекта — не звярталіся да археолагаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з пытаннямі, што тычацца навуковага суправаджэння праекта.
Паколькі пракладка ў ахоўнай зоне Курапатаў новага кабелю ў 10 кілавольт супярэчыць заканадаўству, аўтар звароту прасіў адклікаць адпаведныя дазволы на гэтыя працы, што выдала Міністэрства культуры.
Пракладанне кабельных ліній праз ахоўную зону Курапатаў стварае небяспечны прэцэдэнт
Як патлумачыла Наталля Карчэўская, для разгляду па сутнасці зварот накіраваны па кампетэнцыі ў Мінскі райвыканкам, а для звесткі — у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.
Разам з тым, як стала вядома «Новаму Часу», 30 траўня 2016 года Міністэрства культуры ўзгадніла месца пракладкі кабелю ў паласе адводу Заслаўскай шашы ці ў яе прыдарожнай паласе, а праекціроўшчыкам прапанавала звярнуцца да археолагаў дзеля навуковага суправаджэння праекта.
Апроч таго, Міністэрства культуры ўзгадніла праектную дакументацыю па пракладцы кабелю на падставе таго, што ў ахоўнай зоне Курапатаў «дазваляецца эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый».
Такім чынам, на маё меркаванне, у апошнім узгадненні Мінкультуры закладзена памылка, бо плануецца пракладка новага кабелю, якога раней не было, бо не было жылога раёну ля вёскі Копішча, да якога гэты кабель пракладаецца.
Дарэчы, у ахоўнай зоне Курапатаў дазваляецца пракладка толькі тых падземных інжынерных камунікацый, што неабходныя для эксплуатацыі аб’ектаў ушанавання памяці ахвяраў, а не аб’ектаў іншага прызначэння.