Мікалай Казлоў: Пераможа ў рэшце беларускі народ
Набыў моц прысуд кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову. Гэта 3 месяцы артышту па частцы 1 артыкула 407 Крымінальнага кодэкса — за разгалошванне даных следства па справе аб стварэнні Каардынацыйнай Рады апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў. У бліжэйшы час палітык будзе накіраваны для адбыцця пакарання.
У інтэрв’ю «Радыё Рацыя»Мікалай Казлоў нагадаў пра абставіны свайго асуджэння, назваўшы справу цалкам сфабрыкаванай:
— Мне падаецца, што гэты прысуд — гэта ганьба судовай сістэме Беларусі. Я не даваў ніякіх паказанняў, я да гэтай пары лічу, што ўсе справы, па якіх мяне выклікалі, — гэта справы Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, яны сфабрыкаваныя. І тыя інтэрв’ю, якія я даваў, у мяне проста не было ніякіх даных, бо гэтыя крымінальныя справы не нясуць ніякай крымінальнай нагрузкі. Таму я думаю, што гэтая справа нават не сфабрыкаваная, я проста паўтарыў тое, што казала Генеральная пракуратура, што казалі афіцыйныя каналы. Тым не менш, я атрымаў гэтыя тры месяцы арышту. Ну добра, адсяджу, нічога страшнага.
— Магчымасць з’ехаць, мабыць, у вас была, але вы вырашылі застацца тут?
— Я для сябе вырашыў, што гэты шлях прайду з беларусамі. Я не збіраюся нікуды з’язджаць. Я не адчуваю сябе вінаватым. Я проста хачу застацца са сваімі сябрамі, са сваім народам, са сваёй партыяй, аднадумцамі. Я прайду гэты шлях да канца разам з усімі.
— Адбываць пакаранне вам прыйдзецца ў такой сітуацыі, калі яна ўжо, на жаль, не здзіўляе. Здзіўляюць і шакуюць тэрміны, якімі караюць асуджаных. Па справе Ціханоўскага – Статкевіча — 14 –18 гадоў, па справе анархістаў — 20 гадоў!
— Так. Мне падаецца, гэта ўжо не рэпрэсіі — гэта тэрор. Тэрор адной добра арганізаванай групы сілавых структур у адносінах да ўсіх беларусаў. Трэба яшчэ дадаць, што акрамя тэрмінаў ідуць масавыя звальненні, ствараюцца спісы людзей, якія паставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзі і сем’і вымушаныя пакутаваць ад гэтага. І мне падаецца, што гэта проста цёмныя часы. Гэта тэрор у поўным сэнсе гэтага слова. Але я дакладна ведю, што настане час і кожны адкажа за сваё. Таму што закон быў, ёсць і будзе. Мяне гэта падтрымлівае, і я на гэта разлічваю. І я ўпэўнены, што так і будзе. І пераможа ў рэшце беларускі народ. Мы павінны быць салідарнымі, мы павінны быць разам і разумець, што мы заслугоўваем лепшага, чым нам зараз прапаноўваюць. Мы абавязкова будзем у еўрапейскай сям’і. Мы абавязкова будзем цывілізаванай краінай, у якой важныя вяршэнства права, незалежны суд, і кожны можа працягнуць для сябе гэтыя каштоўнасці. Мы мусім быць цывілізаванымі, добрымі, разумнымі і паспяховымі. І я жадаю, каб у надыходным 2022 годзе ў нас, у беларусаў, пачаўся шлях да гэтых вяршыняў! — пажадаў беларусам Мікалай Казлоў.