Мікалай Аўтуховіч зноў трапіў у карцар на 10 сутак

Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар на 10 сутак. Пра гэта яго дачка напісала ў Instagram.

avtuhovich_2.jpg

У карцар таксама змясцілі яшчэ двух фігурантаў «справы Аўтуховіча» — Вольгу Маёраву і Уладзіміра Гундара. Тэрмін і прычыны прызначэння пакарання Маёравай невядомыя, піша М*дыязона.

Уладзіміра Гундара адправілі ў карцар на 10 дзён за адмову жыць у адной камеры са зняволенымі «нізкага сацыяльнага статусу», паведамляюць праваабаронцы і дадаюць, што, паводле іх інфармацыі, вязень абвясціў галадоўку на ўвесь тэрмін пакарання — у гэты час ён будзе піць толькі ваду.

Нагадаем, як пісаў НЧ, 11 ліпеня Аўтуховіч распачаў сухую галадоўку, а спыніў яе ў жніўні — 1 жніўня ён пачаў піць, медыкі паставілі яму кропельніцу. Падчас сухой галадоўкі вязень схуднеў на 20 кілаграмаў.

Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік з Ваўкавыска. Раней пракуратура пісала пра падрабязнасці крымінальнай справы, паводле якой праходзяць 12 чалавек. Усім ім у суме выставілі 12 артыкулаў КК. Сярод іх — стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (частка 1-3 артыкула 285 КК), замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 14 і частка 2 артыкула 357 КК), здрада дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК, абвінавачванне прад'яўлена толькі Аўтуховічу); акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (частка 3 артыкула 289, частка 1 артыкула 13 і частка 3 артыкула 289 КК) і іншыя.