«Медыкі б'юць трывогу». У Рагачове ўспышка COVID-19
У мясцовай раённай бальніцы ўжо перапрафілявалі пад каронавірус два аддзяленні, піша мясцовае выданне «Свабоднае слова».
У Рагачове склалася напружаная сітуацыя з захворваннем на COVID-19. У тамтэйшым выданні «Свабоднае слова» паведамляецца, што пад інфікаваных каронавірусам перапрафілявалі два аддзяленні мясцовай РЦБ — інфекцыйнае і тэрапеўтычнае (усяго 85 ложка-месцаў). Пры неабходнасці колькасць месцаў будзе павялічана.
На гэты час у раёне 94 хворых, з іх 65 знаходзяцца ў стацыянары. «Медыкі б'юць трывогу», — піша раённае выданне.
Загадчык мясцовай паліклінікі Андрэй Кацічаў лічыць, што распаўсюду каронавіруснай інфекцыі спрыяюць надта марудныя тэмпы вакцынацыі.
Адзначым, што рост колькасці захварэлых на пачатку восені мае месца па ўсёй Беларусі. Выглядае, што набліжаецца яшчэ адна хваля эпідэміі, якая прагназуецца на кастрычнік.