Мантыя-невідымка замест ховерборда: чым занятая наша навука
Марці МакФлай з’явіцца на Зямлі ўжо сёння — герой знакамітай серыі фільмаў “Назад у будучыню” па сюжэце ляціць праз прастору і час у 21 кастрычніка 2015 года.
flickr.com/ Garry Knight
Sputnik распытаў навуковага сакратара інстытута фізікі НАН Беларусі, ці добра падрыхтавалася беларуская навука да будучыні.
З надыходам 2015 года ўсё навуковае ў чалавеку актывізавалася. Каб не расчараваць героя Роберта Земекіса, зямляне з будучыні — то бок, з нашага 2015 года — нават стварылі амаль сапраўдны хаверборд. Lexus з мая намагаецца здзівіць нас скейтам, які здольны на левітацыю — праўда, лятае ён толькі над металічнай паверхняй. А Nike выпусцілі адмысловыя шнуркі — такія самыя, якія былі ў галоўнага героя фільма.
Sputnik зацікавіўся, што ж зрабіла беларуская навука дзеля таго, каб наблізіць будучыню, якую паказалі ў фільме трыццаць год таму і пагутарыў з Янай Кароль, вучоным сакратаром інстытута фізікі НАН Беларусі.
© SPUTNIK/ МАРЫНА СЕРАБРАКОВА. ЯНА КАРОЛЬ
Мантыя-невідымка: што зрабілі беларусы?
З першых жа хвілінаў у сценах Акадэміі нас расчароўваюць — машыну часу не варта чакаць не толькі ад беларускай навукі, але і ад сусветнай. Яна сцвярджае, што падараваць нам яе — па-за магчымасцямі супрацоўніка НАН. Між тым, тут занятыя вытворчасцю не менш карысных прыладаў. Нас, напрыклад, натхніла магчымасць валодання мантыяй-невідымкай.
— У нашым інстытуце займаюцца распрацоўкай метаматэрыялаў — матэрыялаў з незвычайнымі аптычнымі асаблівасцямі. Проста кажучы, з яго можна зрабіць плашч-невідзімку. Зараз такія матэрыялы існуюць толькі ў iнфрачырвонай вобласці. Калі накінуць на чалавека такі метаматэрыял, дык прыборы начнога бачання яго не зафіксуе, а будзе бачыць тое, што знаходзіцца за чалавекам.
Над вытворчасцю такога прыбора працуюць вучоныя ва ўсім свеце, і Беларусь на іх фоне выглядае надта добра. У прошлым годзе праходзіў мiжнародны сімпозіум па метаматэрыялах, дзе Беларусь заняла 18 месца сярод амаль 60 краін.
Але ж гэта толькі адзін з напрамкаў, які мы распрацоўваем. Усяго ў нас 26 лабараторый. У асноўным мы займаемся стварэннем лазерна-аптычных прыбораў i тэхналогiй. Менавіта наш інстытут робіць лепшыя ў свеце лідары — прыборы, якія шырока выкарыстоўваюцца для даследавання атмасферы. Тут мы наперадзе ўсёй планеты, напрыклад, у Антарктыдзе атмасферныя даследаванні вядуць толькі тры станцыі, і адна з іх — беларуская. Нашыя лазеры шырока выкарыстоўваюцца не толькi ў прамысловасцi, але i ў медыцыне. Фiзiкi далі медыкам фізіятэрапеўтычныя апараты, магчымасць антымікробнай фотадынамiчнай тэрапіі, якая замяняе антыбіётыкі, аптычныя метады дыягностыкi анкалагiчных захворванняў.
Тут варта сказаць, што разам з нобелеўскім лаўрэатам гэтага года працавалi ў Японii і беларусы. Зараз навука не зачыненая ў межах асобнай дзяржавы.
HOVER BOARD МАРЦІ МАКФЛАЯ
Непадуладнае навуцы: чаго з прадстаўленага ў фільме ў нас ніколі не будзе?
Пра машыну часу нечага і марыць, з гэтым мы гатовыя, хоць і без асаблівага жадання, прымірыцца. Але ж хавербордаў у Акадэміі навук нам таксама не абяцаюць.
— Перамяшчэнне ў часе аб'ектаў абсалютна немагчыма — у тым выглядзе, як гэта паказваюць у фантастычных фiльмах. Але ж можна павярнуць праблему іншым бокам, крыху паскорыць час дазваляе Тэорыі адноснасці. Успомнім фільм "Інтэрстэлар" — героі ляталі ў космасе зусім нядоўга, але ж на зямлі прайшоў значны адрэзак часу. Тэорыя адноснасці кажа: за той нязначны час, што вы правядзеце ў космасе, несучыся з вялізнай хуткасцю, на Зямлі пройдуць тыдні. Таксама тэарэтычна магчыма падарожжа ў часе праз кратовыя норы, але гэта яшчэ голая тэорыя, у выніках якой нямногае разумеюць нават яе стваральнікі.
Побач з машынай часу бачым у фільме і лятучыя аўтамабілі — гэта агульнае месца фантастычных фільмаў. Але ці варта навуцы шукаць такі аўтамабіль? Значна важней — электрамабіль, які ўжо зрабілі і які большасць фантастаў сабе нават не ўяўляла.
Смеццевы генератар, паказаны ў фільме — бязглуздзіца. Каб перапрацоўваць смецце ў энергію, проста спаліць яго недастаткова — такіх магутнасцяў мы ад гэтага не атрымаем. Усе магчымыя спосабы атрымання энергіі ўжо даследаваныя і канчаткова нерэалізаваным застаецца толькі кіруемы тэрмаядзерны сінтэз. У Савецкім саюзе былі неблагія напрацоўкі, мы марылі атрымаць тэрмаядзерную электрастанцыю ужо ў 90-х гадах, але з яго распадам усё скончылася. Саюз даў нам выключны ўзровень навукі, многія вучоныя яшчэ жывы, і мы марым, каб яны паспелі перадаць свае веды маладым.
Навука моцна звязаная з палітыкай, зрабiць той жа кіруемы тэрмаядзерны сінтэз зараз малакарысна для дзяржаваў, якія сядзяць на нафце — яны хутка абанкруцяцца, таму да яго прамысловай рэалізацыі навука ідзе вельмі павольна.
Дарэчы, у фільме можам пабачыць шмат якія рэчы, якія рэжысёру не ўдалося прадказаць — напрыклад, інтэрнэт, мабiльная сувязь, шматлікія біятэхналогіі, тое ж кланіраванне і генную інжынерыю.
© SPUTNIK/ МАРЫНА СЕРАБРАКОВА
ЯНА КАРОЛЬ
Прадказана верна: што асіліла навука?
Між тым, некаторыя рэчы, паказаныя ў фільме, навука дала-такі чалавеку. Тыя ж гугл-глас — гэта амаль тое самае, што паказаў нам рэжысёр.
— Тады гэта здавалася немагчымым, як і неверагодным здаваліся плоскія тэлевізары на усю сцяну з вялікай колькасцю каналаў і магчымасцю кіравання голасам — у каго зараз такога няма? Тое самае можна сказаць пра пластычныя аперацыі, паказаныя ў кіно — толькі лянівы зараз іх не робіць. Для савецкага чалавека гэты фільм дэманстраваў абсалютна неверагодныя рэчы, еўрапейцу, пэўна, нават у 1989-м гэтая фантастыка здавалася больш рэальнай.
Добра развіваецца рабататэхніка: у фільме былі робаты-афіцыянты, дроны, гадзiннiкi, якiя паказваюць прагноз надвор'я — усе гэта ўжо есць. Але ж зараз усю ўвагу трэба скіраваць не столькі на фізіку, колькі на біялогію — менавіта ад яе варта чакаць значных дасягненняў. Ужо шмат чаго зробленае — напрыклад, апладненне ЭКА, аналізы на генетычную схільнасць да захворванняў. Хутка стане магчымым яшчэ да нараджэння дзіцяці проста "выключаць" у ім гены, што адказваюць за схільнасць да раку. Ці ж гэта не важней за хаверборд?
Фізіка шмат чаго зрабіла і для развіцця біялогіі — напрыклад, дзякуючы фізікам была расшыфраваная ДНК, створаны магніта-рэзанансны тамограф. Мы для медыцыны робім шмат карыснага — тыя ж лазеры.
Наш інстытут зрабіў апарат, які дазваляе вывадзіць з арганізма толькі што народжанага дзіцяці білірубін. Дастаткова пасвяціць адмысловай лямпай — і білірубін распадаецца і выводзіцца. Гэтыя лямпы пастаўленыя ва ўсе нашыя раддамы, імі цікавяцца замежнікі. Пад замежнікаў, напрыклад, кiтайцаў, іх трэба калібраваць, лампа павінна падыходзіць пад скуру.
© SPUTNIK/ МАРЫНА СЕРАБРАКОВА
ЯНА КАРОЛЬ
А чым тая навука ўвогуле занятая?
Навукоўцам часта задаюць прамое пытанне — а вы ўвогуле чым занятыя? Калі не выдумалі для нас ні лятаючае аўта, ні хаверборд, дык увогуле, што рабілі апошнія трыццаць год?
— Да таго, што я пералiчыла, трэба дадаць, што зараз навука намагаецца стварыць квантавыя камп'ютары, яны нам дадуць неверагодныя вылічальныя магутнасці. Але ж па шчырасці нам дастаткова і таго, што маем зараз. Так, квантавы кампутар дапамог бы нам стварыць надта рэальную віртуальную рэальнасць, але простаму чалавеку квантавы кампутар не надта і патрэбны. Але ж дырэктар ІВМ у 1943 годзе таксама заяўляў, што ў свеце ёсць попыт толькі на пяць камп'ютараў. Можа быць, праз 50 гадоў квантавы камп'ютар ужо будзе ў кожным тэлефоне.
Тое, што робяць на першым плане навукі, карысна, хутчэй, як чыстыя веды. Той ж базон Хіггса — гэта элемент стандартнай мадэлі, яго адкрыццё яўляецца нагодай для пацверджання гэтай мадэлі, але для звычайнага чалавека гэта нічога не змяняе. Ці ўзяць тэлескоп Хаббл —па яго здымках пацвердзiлася iснаванне чорных дзір у цэнтрах галактык, але ж мы даўно гэта прадказвалі — кардынальна чалавечага жыцця ён не мяняе, толькi дае шмат прыгожых здымкаў.
Ці, напрыклад, нобелеўскія лаўрэаты гэтага года вызначылі, што ў нейтрына ёсць маса, але ж ад гэтага нашае жыццё не зменіцца. Яно не зменіцца нават калі вучоныя даведаюцца, чым з'яўляецца цёмная матэрыя. Свет больш накіраваны на атрыманне новых тэхналогій, а яны ствараюцца на аснове ведаў, якія мы ўжо маем.