Маміны гісторыі: Карміць «па патрабаванні»
А ці па патрабаванні на самай справе?
“Мы ж кармілі, як усе і кажуць, па патрабаванні! Нават і падумаць не маглі, што недакормлівалі!”. Так разгублена дзяліўся са мной адзін тата месячнай малечы, якая пасля нараджэння не набрала фактычна ні граму. У паліклініцы на бацькоў з гэтай нагоды насварыліся і загадалі ўводзіць сумесь. А мяне папрасілі дапамагчы разабрацца: чаму месяц кармілі дзіця “па патрабаванні”, а па выніку атрымалася, што яно катастрафічна недаядала?
На самай справе мне не падабаецца словазлучэнне, якое блытае маладых мам, — “карміць па патрабаванні”. Хаця сёння ў нас яго выкарыстоўваць у рэкамендацыях нават тыя медсёстры і дактары, якія ўсё яшчэ раяць маме папіць гарбаткі са згушчонкай, каб “малака стала больш”. Аднак на практыцы, на жаль, калі пасля родаў мама ў стрэсе застаецца сам-насам з малечай, замест гадавання па патрабаванні атрымліваецца даванне грудзі на кожны “хнык”. Або наадварот, як здарылася ў гэтай сям’і, адбываюцца рэдкія кармленні, якіх катастрафічна не хапае малечы: знясіленае ці соннае, яно можа проста спаць і асабліва не “патрабаваць”.
Насуперак распаўсюджанаму “дзіця само ведае, колькі яму трэба і чаго” магу сказаць, што нованароджанае дзіця анічога яшчэ пра сябе не ведае. Яно — чысты аркуш паперы, у які з першых дзён жыцця нешта пачынае запісваць мама. Менавіта дарослая мама мае мудрасць і розум, а не нованароджанае дзіця. Менавіта таму мне больш даспадобы тэрмін — “гадаванне пад кіраўніцтвам мамы”.
Ведаю, што многія мамы жывуць у пастаяннай трывозе ад таго, што дзіця недаядае і наўпрост не могуць атрымліваць асалоду ад новай ролі і вывучаць ўвесь шырокі спектр патрэб дзіцёнка, якія не зводзіцца толькі да “паесці”. Не заўжды, калі дзіця праз 15, 30, 60 хвілін плача, яно патрабуе есці. Не заўжды, калі дзіця спіць і “не патрабуе” ўначы і рэдка “патрабуе” ўдзень, яму не трэба есці.
Дзе ж гэтая “залатая сярэдзіна”? Прынамсі, мне па-здароваму разважаць дапамаглі наступныя перакананні.
- Каб сапраўды разумець сваё дзіця і задаволіць яго базавыя патрэбы, трэба быць спакойнай і ўпэўненай настолькі, наколькі гэта магчыма. У вялікай ступені гэта дае падрыхтоўка да пэўных аспектаў мацярынства, падтрымка побач, пастаяннае самаўдасканаленне і ўменне карыстацца розумам і мудрасцю.
- Таксама варта навучыцца разбірацца ў плачы новароджанага. Плач — гэта адзіны спосаб камунікацыі з вамі, якога не трэба баяцца і “глушыць” адразу гушканнямі ці груддзю. Ваша дзіця вам хоча нешта сказаць. Не варта даваць грудзь, калі ў дзіця баліць жывот, бо гэта яго праблему не вырашыць. Не варта актыўна гушкаць, калі дзіця пераўзбуджанае — яно ўзбударажыцца яшчэ больш.
- Варта ведаць крытэрыі, па якіх можна выбудоўваць мінімальныя і максімальныя дапушчальныя інтэрвалы кармлення. У якіх выпадках можна дапускаць спаць па дзве гадзіны, а ў якіх — будзіць раней. Гэта важны чыннік і для дзіця, і для мамы, калі яна хоча, каб у яе раптам не “знікла” малако.
Менавіта МАМА кіруе жыццём дзіцёнка, паралельна вывучаючы яго патрэбы. Дакладнае веданне, колькі і праз колькі часу дзіця будзе “патрабаваць” на самай справе робіць маладую маці ўпэўненай: можна спакойна ЖЫЦЬ — планаваць свой дзень, гуляць і вандраваць з дзіцём, схадзіць да доктара ці сустрэцца з сяброўкай за кавай, а не перажываць: а раптам дзіцёнку абавязкова і зараз спатрэбіцца грудзь.
Гэтая вялікая вучоба і праца. Найперш — над сабой. Але ніхто не абяцаў, што будзе лёгка, праўда?