Лукашэнка загадаў выгнаць са школы «ідэалагічна няправільных» настаўнікаў
У беларускіх школах не павінныя працаваць настаўнікі, якія не прытрымліваюцца дзяржаўнай ідэалогіі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 жніўня, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку, перадае Еўрарадыё.
У сувязі з тым, што настаўнікам выказваюць прэтэнзіі за фальсіфікацыі на выбарах, кіраўнік Беларусі загадаў абараніць іх ад нападак. А потым запатрабаваў: "Калі хтосьці перакінуўся ў іншы лагер, нам таксама трэба з імі разбірацца".
Па словах Лукашэнкі, у Беларусі дзяржаўная адукацыя, дзяржаўныя школы, дзяржаўная ідэалогія. Тых, хто з гэтым не згодны, ён запатрабаваў звольніць.
"І тыя, хто хочуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, калі ласка, ласкава просім: ідзіце выкладайце, вучыце, працуйце. Тыя, хто не хоча, значыць, яны ў школе быць не павінны. Гэта трэба гаварыць прама, адкрыта і шчыра", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Між тым, артыкул 4 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае: "Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян".