Лукашэнка, Лемяшонак, Хрыстос: трэці лішні
А так бывае. Два, здавалася б, зусім розных чалавека, ішлі зусім рознымі шляхамі да аднаго і таго ж.
Айцец Андрэй, былы хіпан і нефармал, улюбёнец публікі, шчыры вернік, што ўласным подзвігам веры і шматгадовай працай збудаваў гіганцкую махіну — Навінкаўскі манастыр — у момант выпрабавання пошасцю кажа, што ў грані чары для прычасця ён бачыць рабрыну Хрыста, і таму не можа не заклікаць прычашчацца ўсіх з гэтай чары ў час чумы. А тых слабакоў, якія не маюць такога цвёрдага пераканання, Лемяшонак гатовы прынесці ў ахвяру: захварэў? Значыць, вера была слабая, значыць, не да Бога ў храм хадзіў.
І другі — тыран, які праз кроў, руйнаванне лёсаў і крыжоў доўга ішоў да свайго ўсеўладдзя, у крызісны момант без хістання прыносіць цэлы народ, яго здароўе і жыцці на алтар свайго пераканання. І тут таксама наўрад папракнеш у двурушнасці. Дапускаю, што Лукашэнка сапраўды не карыстаецца ні маскай, ні антысептыкам, і шчыра верыць у хакей ды лазню. Не гуляеш у хакей, кволы ці тоўсты? І ты хацеў жыць?
І вось яны перасекліся. Клюшка ды рабрына паціра — у кропцы іх скрыжавання, як у чорнай дзіры, знік наш шанец на найменш ахвярную хаду гісторыі. Усе малаверныя — выкінутыя за борт перакананняў гэтых уладных людзей.
Я памятаю а.Андрэя ў першыя гады майго наведвання Петра-Паўлаўскага сабору: тое, што ён казаў на гутарках у прыходскім доме, добра клалося на сэрца, але чамусьці не прарастала. Ужо тады ў яго словах, як мне падавалася, было занадта шмат пра крыжовы шлях і пакуты. Быццам бы ты не хрысціянін, калі ты проста шчаслівы і ў цябе ўсё ў парадку. Быццам бы ты абавязаны сёрбаць гора, каб быць са Хрыстом. Гэта і зразумела — яго аўдыторыя на тых гутарках складалася амаль цалкам з жанчын, якія пакутавалі ад пітушчых мужоў. Але я ніяк не мог зразумець сваіх царкоўных сяброў, моладзь, якія сталі адданымі прыхільнікамі а.Андрэя і манастыра.
І ўжо тады мяне адштурхнула яго прыхаваная рускамірнасць: нідзе не дэклараваная, але ярка высвечаная праз адпаведныя абразы ў храмах манастыра, праз прысвячэнні храмаў, праз пастаянную адсылку да нейкай міфічнай святой Белай Русі ў казанях — канцэпт, які ніяк не стасаваўся ні з айчыннай гісторыяй, ні з маімі перакананнямі аб радзіме. Гэтую «Белую Русь» а.Андрэя — аўтарскі сплаў яго ўласных мрояў ды каляцаркоўных паданняў — заўжды ў яго казанях мілаваў Бог у параўнанні з іншымі краінамі. Памятаю, як падыйшоў да яго цалаваць крыж — у яго сапраўды добры, зычлівы погляд на незнаёмца. Але чамусьці вярнуцца да яго мне не захацелася.
Значна пазней — ад маіх сяброў, што працавалі ў манастыры ці былі яго частымі наведнікамі, ад святароў і царкоўных актывістаў — да мяне сталі рэгулярна даходзіць звесткі аб тым, як несумленна «грае» манастыр на полі царкоўнага бізнесу: выконваючы буйныя замовы замежных кліентаў на розныя мастацкія вырабы — плаціць горкія капейкі самім майстрам, а пры дапамозе арміі сясцёр разгортвае продаж свечак прама перад уваходам у іншыя храмы, дзе продаж свечак з'яўляецца галоўнай крыніцай прыбытку. Па ўсім было зразумела — манастыр займаецца бізнесам, карыстаючыся прывілеямі царкоўнай установы. І таму зараз, калі сотні людзей актыўна ўключыліся ў валанцёрскі рух па падтрымцы ўрачоў і хворых на ковід-19, для мяне не дзіўна было пачуць, што сёстры манастыра — не, не далучыліся да справы, а прыдумалі новы бізнес: платную дастаўку вербачак і пасак.
Разам з тым, чуў ад блізкіх да манастыра людзей, што сам а.Андрэй — бяссрэбранік, і не нясе поўнай адказнасці за тое, што вычварае яго «дзіця». Ды і побач заўжды была іншая інфармацыя, якая «апраўдвала» гэта ўсё — як манахіні арганізуюць прытулкі для бяздомных, для былых асуджаных, як яны смела наведваюць хворых, у т.л. у Навінках, як арганізуюць сапраўды цікавыя і арыгінальныя фестывалі, і шмат чаго яшчэ, быццам бы вартага, яркага, пабожнага, крэатыўнага.
Але мне таксама заўжды было няўтульна на тэрыторыі манастыра, і заўжды рабрынай стаяла пытанне — ці ісці на іх мерапрыемствы, афішы якіх ззялі імёнамі запрошаных расійскіх зорак, і, быццам знарок, ігнаравалі беларускіх выступоўцаў (напрыклад, даволі цікавы фестываль 7 лістапада, прысвечаны тэме рэвалюцыі). У нейкі момант, калі я даведаўся пра стаўленне адміністрацыі да беларускай мовы, я прынцыпова адмовіўся купляць прадукцыю манастыра, ездзіць у манастыр, і тым больш вазіць турыстаў і хоць неяк згадваць манастыр у сваіх экскурсіях.
Памятаю, як напісаў адміністратару сайта (дамен якога, дарэчы, ru, а не by — што не зразумела як стасуецца з беларускім заканадаўствам): маўляў, у вас сайт, ледзь не на ўсіх мовах свету — можа час дадаць і мову мясцовых абарыгенаў, хаця б у знак павагі? Адказалі прыкладна так: калі хочаце, то перакладзіце самі, на валанцёрскіх пачатках. У іншай сітуацыі — я б можа і згадзіўся, як тое бывала з падобнымі прапановамі ў маім юнацтве, але мне не спадабалася, што такая паспяховая фінансавая машына, высока прафесійная і дзелавая ў іншых справах, так лёгка і незацікаўлена скідвае такое пытанне на ініцыятыву выпадковага дабравольца.
Невыпадкова Лукашэнка і Лемяшонак сустрэліся ў пачатку гэтага чумнога года — кіраўнік краіны менавіта ў Навінкаўскім манастыры ставіў традыцыйную свечку на Раство. Ужо тады яны выявілі сваю еднасць — пахлопалі адзін аднога па плячы, пажадалі адзін адному поспехаў. Натруджаная, з мазалямі рука, што нястомна ўздымаецца ў малітве, без аніякіх паціснула руку, што бязлітасна пераламала не адзін лёс. Карацей кажучы — знайшлі адзін аднога. І ў крызісны момант — абодва, без вагання, аддалі перавагу сваім перакананням, а не чалавечнасці. На Вялікдзень Лемяшонак прывітаў Лукашэнку асабліва зычлівым пасланнем, падзячыўшы за адчыненыя храмы на свята, у якіх толькі Бог ведае, колькі людзей пазаражалася.
Прычым тут Хрыстос? Калі да Яго падступіўся д'ябал і прапанаваў даказаць сваю веру — скокнуць з верхатуры храма, бо, маўляў, Бог Цябе ж абароніць — то Хрыстос не стаў дэманстраваць сваю веру і знайшоў, што адказаць на, здавалася б, безапеляцыйны закід лукавага, падмацаваны цытатай са Святога Пісання. А калі Хрыстос сказаў Пятру ісці па вадзе, а той аступіўся па малавернасці, то... Хрыстос адвярнуўся і сказаў: ты — тлусты гіпертонік, веры ў цябе мала, сам вінаваты, што патанаеш! Цяжка ўявіць такога Хрыста? Бадай, немагчыма. Але няцяжка ўявіць сабе, што так скажуць тыя, хто заклікае хадзіць у храмы падчас эпідэміі. Бо гэта нават не тое, што скокнуць з храма ў доказ сваёй веры, гэта — падбухторыць іншага так зрабіць. Такім чынам, лішні тут Хрыстос. І я не ведаю, у храм якога бога кліча Лукашэнка ў час чумы. І мне ўжо глыбока ўсё роўна чыю там рабрыну цалуе а.Андрэй, падстаўляючы гэтым пад пагрозу здароўе і жыцці тых, хто яму давярае.