Лукашэнка хоча пераканаць Брусель у гатоўнасці да дэмакратычных выбараў
Ці пойдзе Лукашэнка на дэмакратызацыю выбараў дзеля зняцця санкцый? Эксперты адзначаюць, што ўлады могуць паставіць празрыстыя скрыні і аб'явіць гэта велізарным дасягненнем у лібералізацыі выбарчага заканадаўства.
ЦВК стварыў міжведамасную экспертную групу па вывучэнні рэкамендацый АБСЕ і ўдасканаленні выбарчага працэсу ў Беларусі.
— Гэтая група, як плануецца, у першую чаргу разгледзіць тыя прапановы, якія можна рэалізаваць яшчэ да парламенцкіх выбараў 2016 года, гэта значыць, не змяняючы заканадаўчай базы, шляхам прыняцця пастаноў ЦВК, — заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.
Алег Гулак: Ва ўладаў не ўзнікла жаданне правесці дэмакратычныя выбары
- Афіцыйнаму Мінску хочацца, каб пытанне аб санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якое Еўрасаюз плануе разгледзець 15 лютага, было вырашана па максімуму, — расказвае "Заўтра тваёй краіны" адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак.
Паводле яго слоў, раней беларускія ўлады маглі сабе дазволіць менш звяртаць увагу на крытыку з боку Захаду. Цяпер сітуацыя ў краіне значна складаней, таму больш верагоднасці, што адбудуцца нейкія змены.
Аднак, як мяркуе эксперт, не варта чакаць, што наступныя выбары пройдуць па стандартах АБСЕ.
— Зразумела, што ва ўладаў не ўзнікла жаданне правесці дэмакратычныя выбары. Працэс будзе складаным. Кожны яго ўдзельнік будзе імкнуцца дамагчыся сваіх мэтаў, — прагназуе Алег Гулак.
Карбалевіч: могуць паставіць празрыстыя скрыні і абвясціць гэта велізарным дасягненнем
Палітолаг Валерый Карбалевіч нагадвае, што 8 лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў развіваць усебаковае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, у тым ліку ў такіх адчувальных сферах, як праваабарончая тэматыка, праца з АБСЕ па падрыхтоўцы выбараў.
На думку аналітыка, гэта жаданне пераканаць Брусель, што Менск гатовы прыслухацца да рэкамендацый АБСЕ.
— Але я сумняваюся, што будуць прынятыя заканадаўчыя меры, якія зробяць беларускія выбар справядлівымі і свабоднымі. Я не веру, што пры цяперашнім рэжыме такое магчыма, — лічыць эксперт.
Ён мяркуе, што ўлады абмяжуюцца нязначнымі зменамі выбарчага працэсу.
— Можа, паставяць празрыстыя скрыні і абвесцяць гэта велізарным дасягненнем. Гульня будзе самая разнастайная, але я не думаю, што па выніках будзе сур'ёзны вынік у плане дэмакратызацыі, — адзначае палітолаг.
Паводле яго слоў, у выбарчым заканадаўстве трэба даць права кандыдатам у дэпутаты ўключаць у склад выбаркамаў сваіх прадстаўнікоў, а таксама забараніць датэрміновае галасаванне, прапісаць прама ў законе працэдуру падліку галасоў.
— Тут вялікая прастора для заканадаўцаў. Хоць зацвердзіць працэдуру падліку галасоў і некаторыя іншыя змены можна рашэннем Цэнтрвыбаркама, — падкрэслівае Валер Карбалевіч.
Паводле: Белорусский партизан