Лепей не будзе

Пакуль афіцыйны агітпроп трындзіць пра тое, якія кепскія рускія, і як яны падставілі шчырых беларусаў, улада паціху вырашае свае праблемы. На мінулым тыдні мы ўжо пісалі пра павышэнне акцызаў на паліва. Што прагназавана выклікала адпаведны крок да падвышэння коштаў, прычым не толькі на паліва.



1369729742_02.jpg

У сувязі з павышэннем акцызаў на бензін і на 70% акцызаў на дызельнае паліва канцэрн «Белнафтахім» павысіў рознічныя цэны на нафтапрадукты, тым самым вярнуўшы на станоўчы ўзровень даходнасць паставак нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак.

З 3 верасня кошт 1 літра бензіну Нармаль–80 складае 7 400 рублёў (+200 рублёў, або 2,8%), бензіну АІ–92-К3 — 7 700 рублёў (+400 рублёў і 5,5%), бензін АІ–92-К5 — 7 800 рублёў (+400 рублёў ці 5,4%), бензін АІ–95-Еўра — 8 300 рублёў (+500 рублёў ці 6,4 %).

Дызельнае паліва падаражэе на 500 рублёў — з 8 000 да 8 500 рублёў (6,3 %), зімовае дызельнае паліва «Арктыка» — таксама на 500 рублёў да 9 500 рублёў за літр (5,4 %).

Здавалася б, ну што такое зараз 500 рублёў? Дробязі. Але ў машыны заліваеш не літр. І, запраўляючы аўто на 20 літраў, розніца ў кошце складае 10. 000. А вось гэта ўжо дастаткова адчувальна. А сярэдні поўны бак у машыне — 40–50 літраў.

Што найбольш здзекліва выглядае, дык гэта афіцыйнае паведамленне пра тое, што «павышэнне коштаў цалкам кампенсуе пастаўшчыкам і перапрацоўшчыкам нафты павышэнне акцызаў». Гэта значыць, усе нашы праблемы нафтаперапрацоўкі цалкам аплачваюць грамадзяне са сваёй кішэні!

Ну, канешне ж. Чысты прыбытак беларускай нафтаперапрацоўкі знізіўся на 58,4 % у I паўгоддзі. А адкуль узяць грошы? Канешне ж, з кішэняў грамадзян.

Дарэчы, нафтаперапрацоўку чакаюць складаныя часы. На мінулым тыдні віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч на фоне арышту Баўмгентнера заявіў, што Расія рэзка скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь у 4-м квартале, каб па выніках года аб’ём пастаўленай па нафтаправодзе ў РБ нафты не перавысіў 18,5 мільёна тон. Такім чынам, аб’ём паставак можа скараціцца да 3 мільёнаў тон нафты.

Праўда, пра гэта яшчэ пагавораць. Беларусь і Расія абмяркуюць пытанне паставак расійскай нафты ў Беларусь у рамках запланаванага на сярэдзіну верасня пасяджэння міжурадавай камісіі. На лепшае можна спадзявацца, але разлічваць трэба на горшае, таму што перамовы гэтыя будзе праводзіць сам Дварковіч і наш Уладзімір Сямашка.

Але першы крок ужо зроблены. «Транснафта» заявіла пра тое, што скароціць экспарт нафты ў верасні на 400 тысяч тон.

Зрэшты, і ў Беларусі ёсць козыры. Бо нафтаперапрацоўка — справа, як гаворыцца, двухбаковая. Калі мы не атрымаем нафту — Расія не атрымае бензін. А калі яна не атрымае бензін, то і прыбытку не будзе. Кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын заявіў аб сваёй нязгодзе з «планамі Транснафты» па скарачэнні прапампоўкі нафты на беларускія НПЗ. Па яго словах, страты «Раснафты» могуць скласці каля 20 мільёнаў долараў. Праўда, Сечын не ўдакладніў, пра якія страты ідзе гаворка (валавая выручка, прыбытак або бонусы яму як акцыянеру), і не растлумачыў, што перашкаджае «Раснафце» прадаць Еўропе або перапрацаваць у Расіі недапастаўлены ў Беларусь аб’ём.

«Мы папрасілі ўдакладніць, каго гэта тычыцца, і звярнулі ўвагу на неабходнасць выканання кантрактных абавязацельстваў: і нашых перад беларускім бокам, і іх перад намі», — заявіў Сечын. Больш за тое, ён не выключыў, што разгледзіць магчымасць пастаўкі ў Беларусь нафты па чыгунцы.

«Мне трэба на Мазырскі НПЗ, на свой актыў пастаўляць нафту. Калі будуць скарачаць аб’ёмы паставак прапарцыйна, я пацярплю больш за ўсіх. Таму я чакаю тлумачэнняў», —сказаў Сечын.

Але такіх «дружбаноў» таксама трэба трымаць на дыстанцыі. Хоць «Раснафта» і з’яўляецца мінарытарным уладальнікам акцый Мазырскага НПЗ, з заявамі кшталту «свой актыў» Сечын відавочна паспяшаўся. Пакуль кантроль у МНПЗ маюць беларускія ўлады, і пры вырашэнні нейкіх ключавых пытанняў у Сечына не тое што меркаванне, прозвішча не спытаюць.

З-за «справы Баўмгертнера» хісткасць нашага эканамічнага цуду і сацыяльна арыентаванай дзяржавы зразумелі нават самыя аптымістычныя аптымісты. А ў дадатак шухеру навёў Пётр Пракаповіч. Экс-кіраўнік Нацбанка і цяперашні віцэ-прэм’ер РБ сцвярджае, што калійная вайна з Расіяй не з’яўляецца палітычным канфліктам і калійную галіну Беларусь не чакаюць цяжкія часы. «Тут няма і не можа быць ніякай палітыкі. Гэта звычайныя адносіны двух гаспадарчых суб’ектаў», — заявіў Пракаповіч. «Працавалі разам, цяпер разышліся. Ну, што ж, цяпер будуць працаваць паасобку. Такіх прыкладаў дастаткова», — звёў ён сітуацыю з выхадам «Уралкалія» з БКК да банальнай бізнэс-сваркі.

Па словах віцэ-прэм’ера, праз 2–4 месяцы «Беларуськалій» зажыве яшчэ лепш, чым у нядаўнія часы сумеснага экспарту калію з «Уралкаліем» праз БКК. «Сітуацыя часовая. Спатрэбіцца ад двух да чатырох месяцаў, я думаю, каб аднавіць рынкі, набраць абароты і працаваць далей. Ужо ёсць пагадненне на пастаўку 3 мільёнаў тон калійных угнаенняў з Арабскімі Эміратамі, Катарам і іншымі рэспублікамі. Упэўнены, што неўзабаве мы пачнём прадаваць такія ж аб’ёмы прадукцыі, як раней, а можа быць, і ў большых аб’ёмах», — перакананы Пракаповіч.

Пётр Пракаповіч вядомы тым, што яго прагнозы спраўджваюцца з дакладнасцю да наадварот. У 2011 годзе ён усіх пераконваў, што дэвальвацыі не будзе. У гэтым годзе ён таксама казаў аб стойкасці беларускага рубля і аб поўнай адсутнасці падстаў праводзіць любую дэвальвацыю. А на фоне гэтых выказванняў долар працягвае біць гістарычныя максімумы і пераадолеў адзнаку ў дзевяць тысяч. Зараз ён кажа пра вясёлкавыя будучыні «Беларуськалія» ў той час, як два рудніка з чатырох на прадпрыемстве ўжо спыненыя.

На фоне выказванняў Пракаповіча кіраўніцтва прадпрыемства павінна задумацца аб тым, у якую ж дзірку яно трапіла, і як з яе выбрацца, каб канчаткова туды не праваліцца.

А чаго чакаць беларусам? Кошты будуць расці — вось чаго. Адно толькі павышэнне вартасці бензіну выкліча павышэнне коштаў на ўсё, бо транспартныя выдаткі ніхто не адмяняў. А калі яны сталі большыя — дык і кошт прадуктаў і тавараў вырасце. Да варажбіткі хадзіць не трэба.