Літоўская выведка: Мінск спрабуе ўкараніць інфарматараў у асяроддзе беларускіх палітыкаў-эмігрантаў
Літоўская выведка фіксуе спробы беларускага рэжыму па вярбоўцы і ўкараненні інфарматараў у атачэнне беларускіх апазіцыйных палітыкаў, якія атрымалі прытулак у Літве, піша «Delfi».
У чацвер
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы паведаміў, што 17 кастрычніка
Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам спецслужб аб «падвышэнні
эфектыўнасці знешняй выведкі» — для павышэння патэнцыялу агентурнай выведкі
і «іншых метадаў і форм».
«Паколькі ўсё
больш і больш беларусаў звяртаюцца па гуманітарныя візы або палітычны
прытулак, літоўская выведка папярэдзіла, што беларускі КДБ можа паспрабаваць
завербаваць некаторых уцекачоў або ўкараняць сваіх агентаў у іх асяроддзе», —
паведамляе ДДБ.
«Такім чынам
імкнуцца сабраць інфармацыю пра лідарку беларускай апазіцыі Святлану
Ціханоўскую, якая цяпер жыве ў Літве, і яе атачэнне, пра беларускія грамадскія
арганізацыі і іх чальцоў. Гэтая інфармацыя можа дапамагчы выявіць іх
патэнцыйную ўразлівасць, а таксама паспрабаваць дыскрэдытаваць, паўплываць на
іх дзеянні, рашэнні і выступленні», — адзначыў дэпартамент.
ДДБ нагадвае, што
ў красавіку сёлета Літва ўнесла ў спіс непажаданых асоб Іллю Бегуна, які
прыбыў у Літву па гуманітарнай візе, атрыманай пры пасярэдніцтве аўтарытэтнай
праваабарончай арганізацыі. У ДДБ зазначаюць, што ў пачатку года Бягун,
магчыма, выконваючы заданне, тэрмінова выехаў з Літвы ў Беларусь.
Неўзабаве пасля
гэтага некаторыя беларускія арганізацыі, якія працуюць у Вільні, паведамілі пра
выкрадзеныя даныя са сваіх кампутараў. Бягун адразу пасля вяртання ў
Беларусь узяў удзел у шоу на тэлеканале ОНТ, у якім сказаў, што расчараваны
апазіцыяй, і неўзабаве далучыўся да так званага «Круглага стала дэмакратычных
сіл» — уяўнай апазіцыйнай арганізацыі, якая дзейнічае з ухвалы рэжыму.
Партал 15min.lt
сцвярджае, што сабраў даныя па яшчэ адной падобнай сітуацыі. Згодна з
крыніцамі партала, былы супрацоўнік беларускіх праваахоўных органаў Андрэй
Аўраменка, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, звярнуўся да партала з просьбай
дапамагчы яму нелегальна ўехаць у Літву і папрасіць там прытулку. Ён незаконна
ўехаў у Літву, а затым знік.
Праз некалькі
тыдняў на Youtube з'явіўся расповед гэтага чалавека пра незаконны правоз мігрантаў праз мяжу, а размовы з літоўскімі афіцыйнымі асобамі былі таемна
запісаныя.
Літоўская выведка
заклікае беларускіх уцекачоў, якія могуць быць завербаваныя беларускім рэжымам,
устрымацца ад удзелу ў злачыннай дзейнасці ў Літве — гэта можа прывесці да
ўжывання да такіх асоб крымінальных санкцый, прадугледжаных законам.
Паводле «Свабоды».