Ліквідатар Сіліверст: забралі льготы, а сёння забараняюць пра гэта казаць
Калінкавіцкі райвыканкам забараніў ліквідатару-чарнобыльцу Васілю Сіліверсту правесці ў будучую суботу, 29 верасня пікет, падчас якога той хацеў прыцягнуць увагу да праблем ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Васюта знайшоў фармальную зачэпку для адмовы: не заключаны дамовы з міліцыяй, бальніцай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Акрамя таго, пікет быў заяўлены ў скверы на скрыжаванні вуліц Піянерскай і Куйбышава ў Калінкавічах, у той час як адзіна дазволеным месцам у райцэнтры з'яўляецца стадыён «Спартак».
Васіль Сіліверст кажа, што хацеў публічна звярнуць увагу гараджан на адсутнасць у краіне для ліквідатараў сацыяльных ільготаў і сацыяльнага забеспячэння, медыцынскага абслугоўвання, нізкага ўзроўню пенсій.
«Яны ўчора забралі льготы у чарнобыльцаў, а сёння забараняюць пра гэта казаць! Я пратэставаў і буду пратэставаць супраць такога парадку. Наша прапанова выдаць кнігу памяці пра ліквідатараў Чарнобыльскай АЭС, жыхароў Калінкавіцкага раёна таксама не знайшла разумення з боку ўладаў. Улада пакінула чарнобыльцаў на выжыванне», — заяўляе ліквідатар.
Васіль Сіліверст распавёў, як 88-м годзе яго, афіцэра запасу, абсалютна здаровага 30-гадовага мужчыну прызвалі на Спецзборы і адправілі ў Чарнобыль. Пасля паловы года службы пачаліся праблемы са зрокам. Потым села сэрца. Пачаліся паталагічныя змены ў шчытападобнай залозе. Сышоў здаровым, а праз паўгады вярнуўся інвалідам.
«Два інфаркты, катаракта, шчытавідка — і лекары мяне спрабуюць пераканаць, што няма ніякай сувязі з Чарнобылем! Некалькі гадоў таму я нават галадоўку аб'яўляў, але нас, чарнобыльскіх ліквідатараў ўлада не чуе», — абураецца ён.
Адмову ў пікетаванні ліквідатар абскардзіў у судзе.
Паводле gomelspring.org