«Курапаты пачынаюцца тут!» Абаронцы адзначылі крыжам прыкладныя межы ахоўнай зоны
На плоце будаўнікоў з’явіліся партрэты расстраляных дзеячоў, плануецца кінапрагляд ды экскурсія па мемарыялу.
У лагеры абаронцаў Курапатаў з’явіўся першы крыж з бел-чырвонай стужкай і знічкамі. Ён адзначае прыкладныя межы ахоўнай зоны, якая была ўрэзаная пару год таму і дала магчымасць забудоўшчыку купіць зямлю ды распачаць будоўлю.
Сцяна будаўнічага плоту зараз упрыгожаная партрэтамі расстраляных дзеячоў культуры: Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Браніслава Тарашкевіча і інш. Не ўсе з іх скончылі жыццёвы шлях у Курапатах, але ўсе сталі пакутнікамі за Беларусь падчас сталінскіх чыстак ды асацыююцца з «чырвоным тэрорам» 1930-х. Тут жа вісяць самаробныя плакаты ды разварот газеты «Новы Час», прысвечаны растрэлам у Курапатах.
Абаронцы плануюць пашыраць культурніцкі фронт працы. У нядзелю 26 лютага аб 11 гадзіне плануецца экскурсія па мемарыялу разам з Валерыяй Чарнаморцавай. Увечары таго ж дня а 20 гадзіне ў лагеры запланаваны прагляд легендарнага фільму «Курапаты» з дапамогай праектара.
Ноч з пятніцы на суботу прайшла ў спакойным рэжыме, на вахце знаходзілася каля 30 чалавек. Як і абяцалі ўлады, працы на будоўлі былі прыпыненыя. Атмасфера ў лагеры аптымістычная ды бадзёрая.