Кубінцу, які ўдзельнічаў у пратэстах, пагражае дэпартацыя з Беларусі і турма на радзіме

Ужо месяц на Акрэсціна ўтрымліваюць 55-гадовага кубінца Рабэрта Касануэву. Ён аседзеў 15 сутак за ўдзел у маршы, але яго так і не выпусцілі. Цяпер Рабэрта, які 30 гадоў пражыў у Беларусі, пагражае дэпартацыя на Кубу, а там — рэальны турэмны тэрмін, піша «Радыё Свабода».

Рабэрта Касануэва, фота з фэйсбука

Рабэрта Касануэва, фота з фэйсбука

Вядомага дызайнера Рабэрта Вальдэса Касануэву затрымалі 8 лістапада. На волю пасля адседкі ён павінен быў выйсці 23 лістапада. Апошнія 3 дні свайго тэрміну ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна кубінец сядзеў у адной камеры з Вадзімам Сугойдзем.

«Чэ Гевара ніякі не герой, гэта прапаганда»

Беларускага майстра Вадзіма Сугойдзя, які вырабляе сувеніры з дрэва, гліны і скуры, затрымалі разам са старэйшым сынам, калі ўся сям’я слухала дваровы канцэрт 19 лістапада, і таксама далі на 15 сутак. Днямі ён выйшаў на волю і расказаў Свабодзе пра сваю адседку і сустрэчу з кубінцам.
«У камеру ўваходзіць прыгожы мужчына з доўгімі валасамі, на выгляд яму гадоў за 50. Пачынаем знаёміцца. Ён кажа: „Я Рабэрта“. Я адразу здагадаўся, што гэта той самы кубінец, графічны дызайнер, пра затрыманне якога я чытаў на „Нашай ніве“. Разгаварыліся. Ён прызнаўся, што з самага пачатку, яшчэ з сярэдзіны 1990-х, не ўспрымаў Аляксандра Лукашэнку, казаў, што ў Беларусі паўтараецца тое самае, што было на Кубе: дыктатура, жорсткая рэакцыя.
Ён нам сказаў, што Чэ Гевара ніякі не герой, гэта прапаганда. Што на самай справе Чэ Гевара — забойца, які расстрэльваў палонных. Калі прыйшоў да ўлады Фідэль Кастра, абяцалі справядлівыя выбары правесці, а папраўдзе выбараў дэмакратычных на Кубе ніколі не было», — успамінае аповеды кубінца Вадзім Сугойдзь.

Даўно хацеў памяняць кубінскае грамадзянства на беларускае, але адмаўлялі

Рабэрта расказаў сукамернікам сваю гісторыю. Ён скончыў у Гаване мастацкую акадэмію. Звыш 30 гадоў таму назад на Кубе ён ажаніўся зь беларускай. Але жонцы давялося вярнуцца на радзіму даглядаць хворую маці, і Рабэрта таксама прыехаў у Беларусь. Быў жанаты тройчы, цяпер зноў разведзены. Мае траіх дзяцей: дваіх дарослых і аднаго непаўналетняга. Ён сябра Беларускага саюза дызайнераў.

Рабэрта Касануэва, фота з фэйсбука

Рабэрта Касануэва, фота з фэйсбука


«Рабэрта казаў, што даўно хацеў памяняць кубінскае грамадзянства на беларускае, неаднаразова звяртаўся ў амбасаду Кубы, каб яму скасавалі кубінскае грамадзянства, бо двайнога грамадзянства ў Беларуі няма. Але яму ўвесь час адмаўлялі. У яго пратэрмінаваны пашпарт. Пра тое, што яму пагражае дэпартацыя, кубінец даўно ведаў.
Калі яго дэпартуюць, на радзіме пасадзяць на доўгія гады. Бо Куба прызнае Лукашэнку і, раз Рабэрта Касануэва выступіў супраць Лукашэнкі, то ён выступае супраць Кубы», — кажа Вадзім Сугойдзь.

Беларускія ўлады адмовіліся працягнуць від на жыхарства праз пратэсты

Беларускія ўлады адмовіліся працягнуць Рабэрта від на жыхарства. Вадзім таксама распавёў, што ў Рабэрта дрэнны зрок, высокая ступень дальназоркасці.
«А яго пазбавілі акуляраў, ён не можа чытаць, не можа маляваць. Можаце ўявіць, як яму як творчаму чалавеку цяжка — няма чым заняць сябе. Да таго ж яму родныя прыслалі ліст, але турэмнікі чамусьці аддалі толькі канверт, а сам ліст — не. Гэта проста здзек», — працягвае Вадзім.
Сугойдзь кажа, што ў іх была слабая надзея, што Рабэрта ўсё ж выпусцяць пасля 15 сутак адседкі. Сукамернікі, якія павінны былі выйсці значна пазней, далі кубінцу нумары тэлефонаў сваіх блізкіх, каб той паведаміў, што ў іх усё нармальна. Але ўжо на волі даведаліся, што Рабэрта так і не тэлефанаваў, а гэта азначае, што яго не выпусцілі.
Паводле беларускага заканадаўства, чалавек, пра якога прынята рашэнне аб дэпартацыі ці высылцы, можа даволі доўга знаходзіцца на Акрэсціна — пакуль будуць афармляцца неабходныя дакументы.
«У ЦІПе ўжо 7 месяцаў трымаюць грамадзяніна Замбіі, кажуць, што ў яго ўжо з псіхікай дрэнна. Мы чулі ягоныя трызненні на ангельскай мове. Доўга сядзіць там і ўкраінец; праўда, не ведаю, за што сядзіць, але просіць, каб да яго дапусцілі консула, але чамусьці не дапускаюць», — расказаў Вадзім Сугойдзь.

«Самы страшны момант — калі бяруць. А потым шок праходзіць»

Што да свайго затрымання і адседкі, Вадзім Сугодзь расказаў, што разам з сям’ёй 19 лістапада выйшаў з дому паслухаць саксафон у двары на вуліцы Панчанкі. Адна з дачок (у сям’і шасцёра дзяцей) засталася дома і, прачытаўшы ў тэлеграм-канале, што побач ДАІ перагароджвае дарогу, тэрмінова патэлефанавала бацькам, а яны паспелі папярэдзіць музыкаў.
«Музыкі схаваліся спачатку ў суседнім падʼездзе, а потым высветлілася, што іх схаваў у сваёй кватэры чалавек, які наагул ніколі ў сваю хату нікога не пускае. Не дазваляе нават сяброўкам жонкі прыходзіць у госці. Але незнаёмых людзей пусціў, пачаставаў гарбатай, а потым, калі яны адседзеліся, вывеў бяспечным шляхам», — прыгадвае Вадзім. Але гледачы ўцячы не паспелі: падʼехаў белы бус з АМАПам. Спачатку затрымалі 23-гадовага сына Сугойдзя, далі каленам у твар і пацягнулі ў бус. Бацька кінуўся бараніць сына, іх забралі, а жонка сама зайшла ў бус — бараніць і падтрымаць абодвух. У выніку бацьку і сыну далі па 15 сутак, а жонцы — штраф.
«Самы страшны момант — калі бяруць. А потым ужо нічога: калі прывозяць у РУУС афармляць, шок праходзіць. Трэба радавацца, што „абы не горш“. Затрымалі — добра, што не пабілі. Калі пабілі — добра, што нічога не зламалі (ці не забілі). Пасадзілі ў камеру — добра, што ёсць вада. Дарэчы, калі затрымалі, я падумаў: „Хоць ад кавы крыху арганізм ачысціцца“», — разважае Вадзім Сугойдзь.
Пасля некалькіх дзён утрымання на Акрэсціна яго перавялі ў Баранавічы, адтуль 4 снежня ўвечары выйшаў на волю.