Крыніцы: у МУС плануюць звольніць больш за 50% супрацоўнікаў цэнтральнага апарата
У Міністэрстве ўнутраных спраў плануецца звольніць больш за 50% супрацоўнікаў цэнтральнага апарата. Такую лічбу называе «Еўрарадыё» са спасылкай на ініцыятыву былых сілавікоў.
У цэнтральным апараце працуюць каля 1000 чалавек. Пры гэтым
звольніць плануецца, маўляў, больш за 500 з іх. Раней, як сцвярджаюць былыя
сілавікі, звальненні мусілі адбыцца да 1 студзеня, цяпер іх адклалі да
правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму.
Таксама яны паведамляюць, што «практычна вырашанае пытанне» наконт міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Яго нібыта заменяць за тое, што супярэчыў такім масавым звальненням у цэнтральным апараце. На яго месца прарочаць першага намесніка міністра — Юрыя Назаранку, які ў жніўні 2020-га камандаваў унутранымі войскамі.