Кобрынскія хронікі: Ператрус у цяжарнай шматдзетнай маці, штраф інваліду
У Кобрыне працягваецца пераслед актывістаў і ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту.
Ператрус у цяжарнай шматдзетнай маці
У Кобрыне 18 студзеня міліцыянты прыйшлі з ператрусамі да ўдзельнікаў танцавальнага чэленджу «Ерусалім», раней асуджаных па артыкулу 23.34.
Летась 25 жніўня нехта размаляваў памятны камень, усталяваны каля ўваходу ў гарадскі парк імя Суворова ў гонар правядзення ў горадзе рэспубліканскага фэсту працаўнікоў сяла «Дажынкі-2009». Камунальнікі ацанілі шкоду ад надпісаў у 30 рублёў.
Была распачата крымінальная справа, у рамках якой і праводзіліся вобшукі — каб знайсці доказы хуліганства і мажлівых фігурантаў.
Маці трох дзяцей, хатняя гаспадыня Юлія Дамасевіч распавяла:
«Прыйшлі да мяне каля 17.00 і праводзілі ператрус прыкладна да 18.20. Заявіліся чатыры міліцыянты на чале з супрацоўнікам аддзелу крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Уладзіславам Свіцічам. Я была ў кватэры з малодшай дачкой, якая пад час ператрусу спала. Дакладнае прозвішча спадара Свіціча дазналася толькі з пятага разу, калі ён яго ўрэшце выразна вымавіў. Паколькі муж дома адсутнічаў, не хацела пускаць сілавікоў у кватэру, але вымушаная была гэта зрабіць, каб не абвінавацілі ў непадпарадкаванні.
Але я настойліва патрабавала, каб ператрус праводзіў толькі адзін міліцыянт, паколькі па краіне гуляе эпідэмія каронавірусу, у мяне на руках маленькае дзіця, а сама я цяжарная. Доўга спрачаліся, пакуль дамовіліся, што вобшук будуць рабіць два сілавікі пры двух панятых-суседзях. На маю просьбу, каб міліцыянты перасоўваліся па кватэры ў бахілах, атрымала адказ, што па законе не абавязаны гэтыя бахілы надзяваць.
Праз нейкі час у кватэры з'явіўся мой муж і за сабою зашчоўкнуў дзверы. Той міліцыянт, які афармляў дакументы на панятых, апынуўся за дзвярыма і настойліва грукаў у нашую кватэру. Тады я папрасіла спадара Свіціча, каб патлумачыў саслужыўцу, што застаўся за дзвярыма: гвалтоўна ў сваёй хаце, дзе спіць малое дзіця, мы нікога не трымаем, а кватэру закрылі ў мэтах бяспекі, каб у нашае жытло анічога не падкінулі…
Калі ж даведалася пра падставу для ператрусу, дык выказала сілавіку здзіўленне, што за размалёўку каменя ля парку завялі крымінальную справу, але ніводнай справы не ўзбудзілі за забойства беларускіх грамадзянаў — удзельнікаў мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў…
На пытанне спадара Свіціча, ці ёсць у памяшканні забароненыя рэчы, у тым ліку зброя, аэразольны балон з чырвонай фарбай і «яшчэ што-небудзь», адказала, што ёсць кухонныя нажы. На словы сілавіка, што кухонныя нажы «не ўлічваюцца», адказала, што ў кватэры няма ні гарэлкі, ні цыгарэтаў, ні нават запалак…
Так што ператрус у масцы, але без пальчатак і бахілаў праводзіў адзін спадар Свіціч, які корпаўся ў сямейнай бялізне, у тым ліку дзіцячай, каб менавіта там знайсці галоўны доказ — балончык з чырвонай фарбай, якой мой муж нібыта размалёўваў памятны камень ля парку аж у жніўні мінулага года! Міліцыянт паводзіў сябе даволі карэктна, але прыспешваў, каб хутчэй завяршыць ператрус, на што я заўважыла, што сама нікуды не спяшаюся. Пасля гэтых словаў спадар Свіціч мяне папярэдзіў, што калі не буду замінаць, вобшук пройдзе хутка, у адваротным выпадку павытрасае ўсё. Аднак я не спужалася, а толькі заўважыла, што пры любым раскладзе пасля вобшуку прыйдзецца рабіць генеральную прыборку памяшкання. Сама ж падчас ператрусу скарысталася тым, што дзіцё маё адпачывае, і разабрала навагоднюю ялінку… Тым часам вобшук завяршыўся безвынікова і міліцыянты сышлі».
Штраф інваліду за перапост
20 студзеня старшыня Кобрынскага суда Вадзім Здановіч пакараў штрафам у 30 базавых велічынь інваліда, галаву шматдзетнай сям’і Сяргея Галя, які знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем.
Мужчына быў пакараны за тое, што 15 і 16 лістапада змясціў у Тэлеграм-канале «Кобрын для жыцця» два перапосты з інтэрнэт-рэсурсу, што прызнаны экстрэмісцкім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Першы перапост тычыўся ўшанавання памяці 31-гадовага жыхара Мінска мастака Рамана Бандарэнкі. Другі перапост утрымліваў інфармацыю з патрабаваннем Міністэрства замежных справаў Беларусі да Польшчы аб выдачы ў найкарацейшы тэрмін заснавальніка забароненага ў нашай краіне тэлеграм-канала Нехта Сцяпана Пуцілы і былога галоўнага рэдактара Рамана Пратасевіча «з улікам асаблівай грамадскай небяспекі іх злачыннай дзейнасці».
Адвакатка падсудзімага Наталля Піваварава прасіла суд спыніць справу, паколькі ў дзеяннях Сяргея Галя адсутнічаюць прыкметы закліку да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, што не пазначаны ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, які склаў участковы інспектар Кобрынскага РАУС Антон Лепшанкоў. Сваімі дзеяннямі Сяргей Галь толькі выказваў сваё меркаванне, а не заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў, зазначыла спадарыня Наталля.
Разам з тым, адвакатка акцэнтавала ўвагу суда, што забаронены інтэрнэт-рэсурс быў прызнаны экстрэмісцкім на тэрыторыі Беларусі пастановай суда Партызанскага раёну Мінска ад 23 лістапада 2020 года — толькі праз тыдзень пасля таго, як Сяргей Галь зрабіў свае перапосты. Такім чынам, на 15-16 лістападу ў дзеяннях падсуднага адсутнічалі прыкметы супрацьпраўных дзеянняў, падкрэсліла Наталля Піваварава.
Сяргей Галь віну сваю прызнаў часткова і заявіў, што зрабіў перапосты інфармацыі, якую палічыў карыснай для іншых і, такім чынам, засведчыў сваю грамадзянскую пазіцыю адносна пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Названы прысуд — трэці для Сяргея Галя за перыяд з жніўня 2020 года. Першы раз інвалід быў аштрафаваны 27 жніўня на 10 базавых велічынь суддзёй Вадзімам Здановічам за паведамленне ў тэлеграм-канале аб даце і месцы сустрэчы грамадзянаў для абмеркавання бягучых падзей у краіне.
Другі раз бацька чацвярых дзяцей Сяргей Галь быў пакараны 1 верасня суддзёй Алесем Бабаскіным на 5 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Кобрына ўвечары 15 і 16 ліпеня.
Пенсіянеру захавалі права выезду за мяжу
Днямі суддзя Кобрынскага суда Ала Богнат не задаволіла заяву мясцовага аддзела па выкананню пакаранняў наконт абмежавання права выезду за мяжу на тэрмін у 5 гадоў ці на перыяд выплаты штрафу за адміністрацыйнае правапарушэнне ў дачыненні да галавы шматдзетнай сям’і, пенсіянера Васіля Андрэюка.
Сваё рашэнне Ала Богнат матывавала тым, што з пенсіі спадара Васіля штомесяц вылічваюцца грошы на выплату штрафу ў 270 рублёў, якім мужчына быў пакараны ўвосень мінулага году за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Нагадаем, што 23 верасня суддзя Кобрынскага суду Алесь Бабаскін аштрафаваў пенсіянера, бацьку трох дачок Васіля Андрэюка на 10 базавых велічынь за ўдзел у нацыянальным Маршы за новую Беларусь, што адбыўся ў горадзе летась 23 жніўня.