«Кіроўцы адводзілі вочы». У Варшаве трое палякаў напалі на беларускую дзяўчыну
«Я спрабую зразумець, чаму ніхто не спыніўся, чаму з дзясятак кіроўцаў аўтамабіляў адводзілі погляд, чаму ніхто мне не дапамог. Была б я згвалтаваная, як Ліза?» — задаецца пытаннем беларуска Каця, якая ў мінулую нядзелю падвергнулася нападу ў Варшаве на веладарожцы.
Кацярына нарадзілася ў Беларусі, ёй 29 гадоў, 12 з якіх яна жыве ў Варшаве. Увечары ў нядзелю, 23 чэрвеня, яна ехала па веладарожцы ў раёне Гданьскага ўзбярэжжа, паднімаючыся на круты ўчастак. Здалёку ўбачыла на вяршыні мужчыну і дзвюх жанчын. Па меры набліжэння беларускі кампанія не ссоўвалася ў бок, а, наадварот, стала займаць усю шырыню дарогі, піша выданне the-warsaw.com.
Каці прыйшлося злезці з ровара і прасунуцца паміж стаячымі людзьмі. Перад гэтым яна папрасіла іх пасунуцца і пачула ў адказ: «А што, ты такая тоўстая?» Сеўшы назад на ровар, дзяўчына павярнулася і паказала ім сярэдні палец.
Мужчына ўскочыў на свой ровар, хацеў дагнаць беларуску. Тая адразу спынілася, думаючы, што ёй удасца растлумачыць, што паслужыла прычынай для яе жэсту. Але мужчына пачаў крычаць, а Каця, баючыся за сваю бяспеку, стала здымаць яго на тэлефон.
«Ён крычаў, каб я сабе ў п***у засунула гэты тэлефон, — распавядае дзяўчына. — Увесь час я сядзела на ровары. Да мяне падбегла адна з жанчын і пачала выкручваць мне рукі, вырывала тэлефон. Мужчына схапіў мяне ззаду і стаў душыць, паваліў мяне на зямлю».
Каця рыхтавалася да горшага, успамінаючы, што вясной у выніку згвалтавання ў цэнтры горада загінула Ліза, якая таксама родам з Беларусі. Дзяўчына клікала на дапамогу — побач з дарогай праехала мноства аўтамабіляў, але ніхто не адрэагаваў. Яна ляжала на зямлі, была безабароннай. Урэшце адзін з кіроўцаў спыніўся — жанчына, якая напала, выкінула тэлефон у кусты, агрэсіўная кампанія ўцякла.
Каці ў выніку дапамаглі людзі, якія выйшлі з машыны. Быў выкліканы паліцэйскі патруль. Беларуска паехала дадому, а ўвечары пайшла ў аддзяленне паліцыі.
На наступны дзень звярнулася ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы. «У мяне лёгкая траўма хрыбетніка», — падзялілася пацярпелая. Тры дні яна баялася выходзіць з дому.
У паліцыі журналістам
пацвердзілі атрыманне заявы ад дзяўчыны, паведамілі,
што сабраныя па справе матэрыялы вывучаюцца экспертамі.