Кіраўніца БелТА схлусіла пра польскія клубніцы. Вось колькі там зарабляюць насамрэч
Прапагандысты высільваюцца пераканаць беларусаў, што за межамі іх краіны — пекла. «Паедзеш у Польшчу на клубніцы?» — палохае кіраўніца БелТА Ірына Акуловіч. «Н*ша Ніва» паглядзела, колькі ў польскіх фермераў зарабляюць беларусы на зборы ягад і параўналі з сярэднім заробкам на радзіме Акуловіч.
Ірына Акуловіч заявіла, што беларусы больш не хочуць пакідаць радзіму, бо, маўляў, усім задаволеныя.
«А куды яны зараз хацелі б паехаць? Нават наўскідку, чыста
тэарэтычна. На Захад ехаць? Мы з вамі бачым цяпер, што дзеецца на Захадзе.
Паедзеш у Літву — літоўскую [мову] трэба вучыць, так? Або паедзеш у Польшчу на
клубніцы? Або паедзеш у Германію, дзе табе прыйдзе потым рахунак за ацяпленне з
невядомай колькасцю нулёў», — настойвае кіраўніца дзяржаўнага агенцтва.
Акуловіч перыядычна ганіць Польшчу, ствараючы з суседняй
краіны монстра, якога, на яе думку, беларусы мусяць баяцца. Паводле яе,
польскія палітыкі не клапоцяцца пра сваіх суайчыннікаў, а пра беларусаў не
будуць і пагатоў.
Вось толькі рэальнасць абвяргае прапагандысцкія пасылы
Акуловіч.
Беларусаў не становіцца ў Польшчы меней. Медыкі знаходзяць
сабе працу ў лякарнях, на заводы бяруць кваліфікаваных спецыялістаў і вучаць
недасведчаных работнікаў. Ім гарантаваны заробак і страхоўка. Значная частка
беларускіх гастарбайтараў, асабліва тыя, хто вывез сем’і, вяртацца на радзіму
не збіраецца.
А што ж з польскімі клубніцамі?
Польскія фермеры зацікаўленыя ў найманні на працу
замежнікаў. Сваіх работнікаў бракуе, бо тыя з'язджаюць на заробкі далей у
Еўропу. Таму чаты з вакансіямі стракацяць аб’явамі аб гатоўнасці фермераў узяць
беларусаў і ўкраінцаў на сезонны збор клубніц.
На папулярным рэсурсе flagma.pl працаўніку абяцаюць плаціць
ад 2 тысяч да 6 тысяч злотых (ад 1300 да 4000 рублёў) за месяц.
Тыя, хто летась працаваў на клубнічных плантацыях, гавораць,
што зарабіць можна да 5 тысяч рублёў, але трэба старацца.
Рэальны ж заробак на клубніцах вагаецца да 2,5 да 4 тысяч
злотых (ад 1700 да 2700 рублёў). Найчасцей фермеры стараюцца дамовіцца з
работнікам, што яму будуць плаціць да 5 злотых (3,5 рубля) за сабраны кілаграм
ягад.
Год таму пры стандартным васьмігадзінным графіку за месяц
заробак выходзіў у межах 3 тысяч злотых (2040 рублёў). Калі чалавек вынослівы і
згодны працаваць больш за 8 гадзін, то лічба сягне 5 тысяч злотых (3400
рублёў).
Для параўнання, працаўнікам памежнага з Польшчай
Гродзенскага раёна ў лютым налічылі сярэдні заробак у памеры 1577 рублёў. А ў
Свіслацкім выйшла 1189 рублёў. Найбольш у вобласці, як вынікае з афіцыйнай
статыстыкі, зараблялі ў Астравецкім раёне, дзе ўзведзена АЭС — 2135 рублёў.
На Магілёўшчыне, адкуль Акуловіч, сярэдні налічаны заробак
па вобласці найменшы ў краіне.
У лютым ён быў 1386 рублёў. Найбольш зараблялі ў абласным
цэнтры — 1548 рублёў. Найменш мелі жыхары Чэрыкаўскага раёна — 1092 рублі.
Крыху больш выходзіла жыхарам Чавускага і Слаўгарадскага раёнаў — па 1107
рублёў. На два рублі болей мелі працаўнікі Хоцімскага раёна. На Шклоўшчыне
налічылі ў лютым 1374 рублі.
Першыя сёлетнія клубніцы ўжо прадаюцца ў Польшчы. Іх кошт
вагаецца ад 16 да 22 злотых (ад 10 да 15 рублёў) за кілаграм.
На Камароўцы кілаграм беларускіх клубніц каштуе 55 рублёў, а
імпартныя прадаюцца па 16—25 рублёў за кіло.
Бывалыя на польскіх плантацыях беларусы кажуць, што з
задавальненнем засталіся б на радзіме, але працаваць за мізер у сельскай
гаспадарцы не хочуць.
Праца з клубніцамі ў Польшчы, расказваюць яны, не складаная,
але манатонная, як, дарэчы, і ў Беларусі на дачных дзялянках. Першыя тыдні
найцяжэйшыя.
«Увогуле заробак залежыць ад досведу зборшчыка і колькасці
ўраджаю на кустах, — дзеліцца ўражаннямі ад працы беларуска. — У прынцыпе праца
няцяжкая, калі чалавек стаміўся, то ён можа адпачыць у любы час, абед таксама
ніяк не нармаваны, і абедаюць звычайна кожны сваім тут жа на полі ў любы час.
Ці трэба казаць, што ягады таксама можна есці ў любой колькасці, але перад
ужываннем пажадана ўсё ж памыць».
Адзін з беларусаў, які працаваў на клубнічных палях, кажа,
што з улікам таго, што ў Польшчы харчы і адзенне таннейшыя, чым у Беларусі, то
за паўгода сезона сямейная пара можа адкласці некалькі дзясяткаў тысяч рублёў.
Наймальнік гарантуе легалізацыю на рынку працы са
страхоўкай.
Збіраць клубніцы бяруць мужчын і жанчын, але перавага
аддаецца сямейным парам і тым, хто мае досвед такой працы. Пражыванне — клопат
фермера. Ён жа гарантуе, што забяспечыць разавым харчаваннем.
Ведання польскай мовы дастаткова на ўзроўні яе разумення.
Але, як паказвае практыка, беларусы пачынаюць гаварыць па-польску пасля двух
тыдняў камунікацый з палякамі.