Канстытуцыйны суд ухваліў скасаванне мясцовых выбараў у 2022 годзе
Канстытуцыйны суд разгледзеў у парадку папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць закона «Аб змене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Пра гэта гаворыцца ў рашэнні, афіцыйна апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Закон «Аб змене Канстытуцыі», палажэннямі якога прадугледжваецца ўнясенне дапаўненняў у Асноўны закон, прыняты дзеля ўдасканалення канстытуцыйных палажэнняў аб выбарчай сістэме Беларусі, адзначаецца ў дакуменце.
У прыватнасці, арт. 67, які прадугледжвае, што выбары дэпутатаў з'яўляюцца прамымі, дапаўняецца часткай, паводле якой выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасавання. Гэта азначае, што выбары дэпутатаў як Палаты прадстаўнікоў, так і мясцовых Саветаў дэпутатаў будуць праводзіцца ў адзін дзень і што мясцовыя выбары, якія павінны былі адбыцца ў пачатку 2022 года, пераносяцца як мінімум на 1 год.
На думку Канстытуцыйнага суда, гэта мэтазгодна, бо спрыяе скарачэнню арганізацыйных і фінансавых выдаткаў на правядзенне выбараў, стварэнню дадатковых выгодаў для выбаршчыкаў і ўмоў для больш якаснай працы выбарчых камісій усіх узроўняў.
«Канстытуцыйны суд лічыць, што сумяшчэнне дзён галасавання па выбарах дэпутатаў не парушае прававых гарантый рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян Беларусі на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў праз свабодна абраных прадстаўнікоў, прынцыпаў выбарчай сістэмы», — гаворыцца ў рашэнні.
Акрамя таго, змяняецца тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Канстытуцыя дапаўняецца арт. 147, паводле якога яны ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, абраных у адзіны дзень галасавання. Як адзначае Канстытуцыйны суд, змена тэрміну ўяўляе сабой часовую меру, разлічаную толькі на пераходны перыяд.
Закон «Аб зменах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі 4 кастрычніка.
«Радыё Свабода»