Каментатар БТ назваў футбаліста Люксембурга «чорненькім»
Падчас трансляцыі адборачнага матчу Люксембург — Беларусь каментатар БТ Аляксандр Цвячкоўскі дапусціў расісцкія выказванні ў бок футбаліста Люксембурга Джэрсана Радрыгіша
Адборачны матч футбольнага чэмпіянату свету–2018 Люксембург—Беларусь трансляваў тэлеканал «Беларусь 2» увечары 31 жніўня. На матчы працавалі каментатар «Белтэлерадыёкампаніі» Аляксандр Цвячкоўскі і футбаліст ФК «Іслач» Мікіта Букаткін.
Падчас другога тайма Цвячкоўскі дазволіў сабе фразу: «У Люксембурга мне падабаецца аўтар гола Ды Мата і гэты чорненькі».
Пад «чорненькім» Цвячкоўскі меў на ўвазе 22-гадовага футбаліста зборнай Люксембурга і клубу «Fola» з Эша Джэрсана Радрыгіша (Gerson Rodrigues).
Нагадаем, што ў беларускім футболе гэта другі такі выпадак за месяц. Афіцыйны акаўнт «УКанткце» мазырскай «Славіі» таксама выкарыстаў выраз «чорненькія» ў дачыненні да цемнаскурых футбалістаў.
Што да выніку матчу Люксембург—Беларусь, то ён прынёс сенсацыйную перамогу зборнай Люксембурга — 1:0. З пяццю пунктамі пасля сямі матчаў зборная Беларусі займае перадапошняе пятае месца ў сваёй адборачнай групе, на апошнім месцы зборная Люксембурга, якая набрала ўсе свае чатыры пункты ў матчах з нашай нацыянальнай камандай.