Калегія адвакатаў патлумачыла, за што выключыла Лаеўскага

Мінская гарадская калегія адвакатаў афіцыйна паведамляе, што рашэннем дысцыплінарнай камісіі ад 8 ліпеня 2021 года да адваката адвакацкага бюро «Лаеўскі і партнёры» Дзмітрыя Лаеўскага за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці прыменена дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе выключэння з членаў Мінскай гарадской калегіі.

190493355_4348892921788921_881941392978343448_n_1_1.jpg

Як адзначана ў паведамленні, адвакат Лаеўскі, прымаючы ўдзел у крымінальнай справе, выступаючы ў судовых спрэчках і рэпліках дапусціў публічную, некарэктную ацэнку выступаў і прававых пазіцый сваіх калег, якія ажыццяўляюць абарону іншых абвінавачаных, чым парушыў «Правілы прафесійнай этыкі адваката».
Раней пастановай дысцыплінарнай камісіі ад 8 красавіка 2021 года Лаеўскі прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы за парушэнне «Правілаў прафесійнай этыкі адваката», якія выявіліся ў распаўсюдзе інфармацыі з некарэктнымі і дыскрэдытуючымі выказваннямі ў адрас адвакатаў і загадчыкаў юрыдычнымі кансультацыямі.
Рашэннем Савета калегіі ад 9 ліпеня 2021 года Дзмітрый Лаеўскі выключаны з членаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
Сам Лаеўскі так пракаментаваў падставу свайго выключэння з калегіі:
— У судовых спрэчках у абарону Віктара Бабарыкі я абгрунтаваў адсутнасць прыкмет злачынства («Атрыманне хабару») у дзеяннях іншых абвінавачаных, выказаў нязгоду з іх пазіцыяй і заявіў аб неабходнасці іх апраўдання. Пра гэта ж гаварыў у сваіх паказаннях мой падабаронны, чыю пазіцыю я як абаронца падтрымліваў і адстойваў. Рабіў гэта добрасумленна і прынцыпова.
Адвакат растлумачыў:
Аспрэчваць пазіцыю іншых удзельнікаў працэсу, асабліва калі яна выкарыстоўваецца для абвінавачання майго падабароннага, ні закон, ні правілы прафэтыкі не забараняюць. Ставіць пытанне аб апраўданні тых, чыя згода з абвінавачаннем выкарыстоўваецца для пераследу майго падабароннага, ні закон, ні правілы прафэтыкі не забараняюць.