Кадравы голад. Лукашэнка зноў саджае карупцыянераў на кіроўныя пасады
У ліпені выйшаў на волю былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч, асуджаны ў 2021 годзе на 13 гадоў калоніі за хабар у асабліва буйным памеры. Для яго злову нават прызямлілі самалёт «Белавія», які ляцеў у Мюнхен. А потым памілавалі і адправілі «падымаць калгас».
Чаму Лукашэнка вярнуўся да практыкі прызначэння на кіруючыя пасады функцыянераў, якія адбываюць турэмны тэрмін, хоць сам жа забараніў гэта яшчэ ў 2019 годзе? Падобна на тое, у наменклатурнай калодзе беларускіх уладаў не хапае свежых карт, піша DW. Любы асуджаны функцыянер, паказваюць назіральнікі, ведае: у яго ёсць шанц такім чынам хутка здабыць свабоду.
«Карупцыя — адна з любімых тэмаў Лукашэнкі»
У ліпені выйшаў на волю былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч, асуджаны ў 2021 годзе на 13 гадоў калоніі за хабар у асабліва буйным памеры. Каб затрымаць падазраваных па той справе, сілавікі загадалі разгарнуць самалёт «Белавія», які ляцеў у Мюнхен. У калоніі Крыштаповічу прапанавалі напісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні з умовай, што адразу пасля вызвалення ён паедзе падымаць адзін з праблемных калгасаў у Гомельскай вобласці.
Яшчэ да вызвалення зняволенага да яго прыязджаў супрацоўнік аблвыканкама, які курыруе сельскую гаспадарку. У выніку прашэнне аб памілаванні разгледзелі ў паскораным парадку. І раней асуджанаму Крыштаповічу дазволілі некалькі дзён правесці з сям'ёй, пасля чаго ён адразу ж адправіўся на новую працу.
Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка адзначае, што практыка перасаджваць функцыянераў з турэмных нар на кіруючыя пасады кажа пра неэфектыўную антыкарупцыйную палітыку ўладаў, калі тыя звяртаюцца да «штурмаўшчыны» замест сур'ёзнай сістэмнай працы. Прыярытэт, лічыць Мажэйка, аддаецца гучным затрыманням і пасадкам, хоць на самай справе гэта барацьба з вынікамі, а не з першапрычынамі хабарніцтва.
«Карупцыя — адна з любімых тэмаў Лукашэнкі, на якой ён, у тым ліку, пабудаваў сваю першую прэзідэнцкую кампанію ў 1994 годзе, — успамінае Мажэйка. — З тых часоў ён не стамляецца выкарыстоўваць даволі агрэсіўную рыторыку, разважаючы пра тое, як развязаць гэтую праблему. Але практыка кажа пра адваротнае — любы чыноўнік або дырэктар дзяржпрадпрыемства ў Беларусі ведае, што нават калі атрымае тэрмін, у яго ёсць шанц выйсці датэрмінова на волю і зноў стаць кіраўніком».
Такая практыка, перакананы аналітык, знішчае адну з галоўных функцый правасуддзя — няўхільнасць пакарання.
У чэрвені беларускія ўлады падрыхтавалі змены ў заканадаўства, якія спросцяць асуджаным за карупцыю асобам магчымасць зноў стаць начальнікамі — ім можна будзе атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ), а таксама зняцце забароны на права займацца пэўнымі відамі дзейнасці і займаць кіруючыя пасады.
Чаму Лукашэнка адмяніў свае ж абмежаванні для карупцыянераў?
Нядаўна выйшаў на волю былы дырэктар Белтэлекама Сяргей Сівадзедаў, які ў 2020 годзе атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі за хабар на суму каля паўмільёна долараў. У яго выпадку гаворка не ішла аб памілаванні, Сіваедаў трапіў пад амністыю і яму пералічылі тэрмін утрымання пад вартай. Выпадак экс-кіраўніка Белтэлекама, паводле ацэнкі назіральнікаў, паказвае, як змянілася стаўленне ўладаў у Мінску да асуджаных за карупцыю.
У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім у Беларусі забаранялася датэрміновае вызваленне асуджаных карупцыянераў і замена ім пакарання на больш мяккае. Таксама было прыпынена памілаванне такіх асоб.
Але ўжо ў 2021-м улады вярнуліся да ранейшай практыкі — так, на волю выйшаў акадэмік Аляксандр Бялецкі, асуджаны двума гадамі раней па так званай «справе медыкаў» на 7,5 гадоў пазбаўлення волі. Паводле звестак DW, за Бялецкага перад Лукашэнкам паручыўся міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. З тых часоў вядомы вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі Бялецкі працуе простым лекарам у дзіцячай паліклініцы.
Як праходзіць працэс памілавання чыноўнікаў?
Вадзім Мажэйка лічыць, што беларускія ўлады з-за кадравага голаду вярнуліся да ранейшай практыкі працаўладкавання асуджаных за карупцыю чыноўнікаў. «Дырэктарам “пад персанальную адказнасць” даводзяць нерэалістычныя паказчыкі, а калі ўсё правальваецца, адпраўляюць за краты, — тлумачыць сітуацыю эксперт у інтэрв'ю DW. — Цяпер не хапае кіраўнікоў, якім можа давяраць рэжым, таму асуджаным прапануюць свабоду ў абмен на выкананне любога загаду. Такія асобы ідэальна падыходзяць уладзе, для якой у прыярытэце — поўная лаяльнасць».
Юрыст Юлія Леванчук звяртае ўвагу на тое, што памілаванне ў Беларусі — цалкам непразрысты працэс, калі ні асуджаны, ні ягоны адвакат не ведаюць, як галасуюць сябры камісіі і чаму аднаму кандыдату адмаўляюць у памілаванні, а другога адпускаюць. У некаторых выпадках, як па справе акадэміка Бялецкага, Адміністрацыя прэзідэнта запатрабавала гарантый ад высокапастаўленага чыноўніка, аднак гэта неабавязковая ўмова. Пры гэтым ва ўсіх выпадках ад асуджаных патрабуецца прызнанне віны, раскаянне і пагашэнне нанесенай шкоды.
«Асуджаны не ведае, колькі месяцаў будуць разглядаць яго прашэнне, — дадае Леванчук. — Проста аднойчы прыходзіць супрацоўнік турэмнай адміністрацыі, які паведамляе пра рашэнне —без аргументацыі». Па словах юрыста, у акце аб памілаванні не прапісваюць абавязацельства былога асуджанага адпрацаваць пэўны тэрмін на карысць стратнага прадпрыемства — гэта сакрэтная дамоўленасць.
«Але я ўпэўненая, што выбару ў асуджанага, які згаджаецца на такое памілаванне, няма, — адзначае суразмоўца. — Фармальна ж афармляецца звычайная працоўная дамова, паводле якой чалавек нібыта добраахвотна згаджаецца на такую працу».