Свае людзі. Лукашэнка памілаваў асуджанага за хабар і даў яму кіраўнічую пасаду

Выйшаў на волю былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната, які ў 2021-м быў асуджаны на 13 гадоў калоніі за хабарніцтва ў асабліва буйным памеры. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва». Некалі, каб яго затрымаць, разварочвалі самалёт, а па заўчасным выхадзе з калоніі Міхаілу Крыштаповічу далі кіраўнічую пасаду.

Фота tut.by 

Фота tut.by 

На пачатку 2020-га самалёт «Белавіі», які ляцеў у Мюнхен, развярнулі па загадзе Лукашэнкі і пасадзілі ў Гродне. У самалёце быў у тым ліку Міхаіл Крыштаповіч, на той час — дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната. Па прызямленні яго арыштаваў КДБ.

Па «справе цукровых заводаў» праходзіла некалькі дырэктараў заводаў (Жабінкаўскага, Слуцкага, Скідзельскага і Гарадзейскага), а таксама некалькі камерсантаў і намеснік Карпянкова ў ГУБАЗіКу — начальнік 2-га ўпраўлення Уладзімір Ціхіня.

КДБ заявіў, што праз дзеянне гэтай групы бюджэт недалічыўся 70 мільёнаў даляраў. Сама схема заключалася ў адгрузцы пасярэднікам цукру па стратных цэнах з наступнай рэалізацыяй праз неабавязковую пракладку па завышанай цане. Чыноўнікі з гэтага мелі долю, як і Ціхіня, які кансультаваў змоўшчыкаў на прадмет бяспекі і інтарэсу да іх сумежных органаў.

У 2021-м многія (апроч Ціхіні, які выйшаў перад выбарамі апрацоўваць крымінальны элемент для барацьбы з апазіцыяй), атрымалі тэрміны.

Крыштаповіч атрымаў 13 гадоў калоніі. Адбываў тэрмін у Бабруйску.

Але, як стала вядома, шматразовыя хадайніцтвы Крыштаповіча на імя Лукашэнкі аб памілаванні далі плён, і Крыштаповіч быў памілаваны. Днямі ён выйшаў з калоніі.

«Больш за тое, Крыштаповіч атрымаў у падпарадкаванне калгас у адной з абласцей. Вяртаецца на свабоду ўпраўленцам», — сказала абазнаная крыніца.


Глядзіце таксама

«Цукровая справа»

Суд па справе аб хабарах у цукровай галіне пачаўся ў ліпені 2021 года, нагадвае «Люстэрка». А пачалася на пачатку 2020 года. 24 студзеня самалёт «Белавія», які ляцеў у Мюнхен, развярнулі і пасадзілі ў Гродна з-за «тэхнічнай няспраўнасці». А як толькі ён прызямліўся, надзелі кайданкі на некалькіх яго пасажыраў. Паводле слоў сведак затрымання, сярод іх быў дырэктар як мінімум аднаго цукровага камбіната. Неўзабаве стала вядома, што на працу не выйшлі некалькі высокапастаўленых менеджараў цукровых заводаў.

У пачатку лютага ў КДБ пацвердзілі, што распачатыя крымінальныя справы па фактах атрымання і дачы хабараў. Стала вядома пра затрыманне дырэктараў чатырох цукровых заводаў, дырэктара Беларускай цукровай кампаніі і некалькі бізнэсоўцаў. Па справе праходзіў і былы начальнік 2-га ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

Сілавыя органы заяўлялі, што большая частка прадукцыі цукровых заводаў, адгружанай на экспарт Беларускай цукровай кампаніі, сыходзіла «падкантрольным пасярэднікам». Але ў выніку цукар вяртаўся на айчынны рынак і перапрадаваўся даражэй. «Штогод сумы хабараў вылічаліся сотнямі тысяч долараў», — сцвярджалі ў КДБ. У спецыяльнай праграме «Беларусь 1» заяўлялі, што праз гэтую схему ў 2019 годзе Беларусь недаатрымала 70 млн долараў.

Справу каментаваў і Лукашэнка. «Такога ў Беларусі яшчэ не было. Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве «пракладку» — гандлёвы дом. Звычайная «пракладка». Паставілі туды сваіх. З заводаў па дэмпінгавых цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў», — абураўся ён. Аказалася, што разварочвалі самалёт і праводзілі затрыманні па яго «жорсткай камандзе».

У жніўні 2020 года з'явілася інфармацыя пра тое, што Уладзімір Ціхіня, якому ставілі падбухторванне да дачы хабару і падстрахоўку «цукровай мафіі», выйшаў на волю — яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Хоць да гэтага яго называлі самым дасведчаным у злачыннай схеме.

— Уладзімір Ціхіня паведамляў удзельнікам злачыннай групы звесткі аб праведзеных у дачыненні да іх іншымі праваахоўнымі органамі следча-аператыўных мерапрыемствах. Даваў парады па выкананні мер канспірацыі, зачыстцы слядоў супрацьпраўнай дзейнасці, — распавядаў начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры «Беларусь 1».

Таксама паведамлялася, што мера стрымання была змененая дырэктару Слуцкага цукрарафінаднага камбіната Мікалаю Прудніку.

Расследаванне справы доўжылася больш за год.