Каб знайсці таго, хто паставіў жоўта-блакітныя лампадкі, у Бабруйску правялі аперацыю ў духу Шэрлака Холмса

Бабруйчаніна арыштавалі за блакітна-жоўтыя лампадкі каля помніка ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій. Яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_10_18_13_19_07.jpg

У Бабруйску яшчэ 9 верасня быў затрыманы Вячаслаў Букас. Падставай для затрымання сталі дзве блакітныя і дзве жоўтыя лампадкі, якія мужчына запаліў і паставіў каля помніка «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій».

У пратаколе па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) пазначана, што такім чынам Букас «выказваў сваё грамадска-палітычнае меркаванне да Дня незалежнасці Украіны». Сваю «віну» мужчына прызнаў.

Вядома, што міліцыянты правялі дактыласкапічную экспертызу — на лампадках знайшлі адбіткі пальцаў Вячаслава. Фота з лампадкамі 24 жніўня былі апублікаваны ў телеграм-канале «Б*бруйск Online». Гэтыя фота знайшлі і ў тэлефоне мужчыны. Таксама быў дапытаны сведка, які распавёў, што асабіста бачыў, як Букас запальвае лампадкі. У выніку суддзя Алена Гормаш 12 верасня прызнала Букаса вінаватым у «пікетаванні» і арыштавала яго на 15 сутак.