Японія падарыла бальніцам на Гомельшчыне $130 тысяч на куплю абсталявання
Цырымонія падпісання грант-кантрактаў прайшла ў Мінску з удзелам Пасла Японіі ў Беларусі і галоўных лекараў бальніц, якія ўдзельнічаюць у праграме дапамогі, паведамляюць «Моцныя Навіны».
У лік пераможцаў грантавага конкурсу ўвайшлі Кармянская цэнтральная раённая бальніца і абласная дзіцячая клінічная бальніца ў Гомелі. Выдзеленыя сродкі накіруюць на ўдасканаленне медыцынскага абсталявання лячэбных устаноў.
— Мэта праграмы «Карані травы» — дапамога людзям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў, — адзначыў Пасол Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага. — Праграма не абмежаваная толькі медыцынскай сферай. Мы маем намер працаваць з праектамі таксама ў сферах адукацыі, сельскай гаспадаркі і культуры.
Як адзначаецца, Кармянская бальніца атрымае грант у памеры амаль 50,5 тысячы долараў для закупкі ЛОР-ўстаноўкі. Абласной дзіцячай бальніцы выдзелена больш за 80 тысяч долараў. Грошы пойдуць на набыццё сучаснага эндаскапічнага абсталявання.
Праграма «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека» рэалізуецца Урадам Японіі з 2004 года. Агульная колькасць падтрыманых у Беларусі праектаў дасягнула 41, сума фінансавай дапамогі — амаль 3,4 мільёна даляраў.
Паводле «Нашай Нівы»