Як стварыць добрыя навіны?

Для чаго ў Беларусі робіцца Чэмпіянат свету па хакеі? «Каб усе «ахнулі», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Канешне ж, чэмпіянат — гэта прамоцыя краіны ў свеце, гэта вядомасць і імідж, гэта інтарэс да Беларусі. Але, калі так пойдзе далей, то мара Рыгоравіча не здзейсніцца: замежнікі пра краіну не даведаюцца, і «ахаць» не будуць.



microfony_preview.jpg

Чаму не даведаюцца? Сюды ж прыедуць тысячы заўзятараў хакею і сотні замежных журналістаў? Ну, заўзятары яшчэ будуць распавядаць сябрам і знаёмым пра дзіўную краіну, у якой ім давялося пабыць: як яны былі мільянерамі (у беларускіх рублях, зразумела) і сотні тысяч трацілі на сувеніры. А вось замежныя журналісты будуць пісаць толькі пра тое, як, напрыклад, Канада перамагла ў хакей Швецыю. І ані слова пра Беларусь.

Чаму? Ды таму, што мы самі паставілі сусветным СМІ такія ўмовы! Даведаўшыся пра іх, некаторыя замежныя «акулы пяра» адмаўляюцца ехаць у Беларусь на Чэмпіянат свету па хакеі. У прыватнасці, пра гэта заявілі фінскія тэлерадыёкампанія YLE, а таксама выданні «Helsingin Sanomat» і «Ilta Sanomat».

Аказваецца, беларускія арганізатары чэмпіянату патрабуюць: журналісты, якія прыбылі па візах, выдадзеных для асвятлення Чэмпіянату свету па хакеі, не могуць пісаць пра іншыя падзеі ў краіне.

Фінскія фэны «сінявокай» у разгубленасці. А як жа трактар «Беларус»? Як жа зубры? Як жа Мірскі замак і знакамітая на ўвесь свет згушчонка з Глыбокага? Гэта ж значна важней, чым тое, што два хакеісты на пляцоўцы дзёўбнулі адзін аднаго клюшкамі! Яны яшчэ не аднойчы дзёўбнуць у іншых месцах, а вось паспрабаваць апісаць незабыўны смак прадукцыі «Камунаркі» — гэта выпадае раз у жыцці!

«Мы павінны быць упэўненыя, што журналісты змогуць працаваць у адпаведнасці з нармальнымі заходнімі прынцыпамі. Міжнародная федэрацыя хакея павінна падбаць пра тое, каб забяспечыць нармальную працу», — заявіў спартыўны дырэктар YLE Аце Яскелайнен.

Але, на жаль, рэпартаж фінскага спартовага аглядальніка з самай буйной свінафермы ў Беларусі наш бок наўрад ці выпусціць з краіны. 23 студзеня Лукашэнка падпісаў указ «Аб выкарыстанні дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі тэлекамунікацыйных тэхналогій», на падставе якога ствараецца так званая рэспубліканская воблачная платформа для размяшчэння праграмна-тэхнічных сродкаў, інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм дзяржструктур.

Новы ўказ пашырае паўнамоцтвы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, які цяпер мае права не толькі праслухоўваць электронныя паведамленні і трафік беларусаў, але і ажыццяўляць тэхнічны кантроль «за пропускам міжнароднага трафіку і далучэннем да сетак электрасувязі замежных дзяржаў».

«Пад пропускам міжнароднага трафіку разумеецца дзейнасць, накіраваная на перадачу паведамленняў электрасувязі (уключаючы тэлефонныя выклікі, тэлеграфныя паведамленні, службовыя і інфармацыйныя паведамленні, сеткавыя пакеты сетак перадачы дадзеных без абмежаванняў па карыстальніцкіх, транспартных і сеткавых пратаколах) паміж сеткамі электрасувязі Рэспублікі Беларусь і сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, а таксама паміж сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, калі перадача паведамленняў электрасувязі з адной замежнай дзяржавы ў другую ажыццяўляецца праз сеткі электрасувязі, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў дакуменце.

Гэта значыць, ААЦ можа слухаць і фільтраваць любыя паведамленні замежнікаў з Беларусі. Бог з імі, не напіша чаго-небудзь фінскі журналіст пра выключныя і надзейныя аўтобусы МАЗ — можа, нам гэта і не трэба. Але, такім чынам, пад кантроль можна паставіць і ўсялякія фанацкія блогі, допісы з чэмпіянату ў сацыяльныя сеткі Fasebook і Twitter, забаніць «ВКонтакте» і «Одноклассников». І тады ўжо не толькі журналісты, але і звычайныя аматары праз сеціва не здолеюць распавесці пра тое, як ім спадабалася піва «Аліварыя». Будзе толькі хакей, і толькі хардкор!

А дакладней, з Беларусі — толькі добрыя навіны!

Цікавае і тое, што слухацца можа інфармацыя «паміж сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, калі перадача паведамленняў электрасувязі з адной замежнай дзяржавы ў другую ажыццяўляецца праз сеткі электрасувязі, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі». Адразу ўзнікае пытанне, а ці не быў у Мінску Сноўдэн? Ці не ператвараецца наш ААЦ у аналаг амерыканскай АНБ? Скажам, задумаў Пуцін пасакрэтнічаць з Меркель, а тут — тэлефонны дрот праз Беларусь ідзе. І нейкі голас з характэрным акцэнтам кажа ў слухаўку: «Уладзімір Уладзіміравіч і Ангела, ізвініця, што я вас перабіваю і адключаю, але ў мяне тэрміновы званок з Жытоміра!»

Хаця ёсць яшчэ адзін складнік, які можа папсаваць нам свята. Чэмпіянату свету па хакеі, які мы так разрэкламавалі, на які мы так разлічваем, і для якога мы ўжо падрыхтавалі ўсю «сувенірку», у Беларусі можа і не быць. І гэта не жарт. Бо мы ж разлічвалі, што з амаль кожнага турыста мы напачатку возьмем 150 еўра — столькі каштуе беларуская віза, напрыклад, у Літве.

Старшыня Фінскай федэрацыі хакея з шайбай і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Калерва Kумола лічыць, што цяперашні візавы рэжым супярэчыць статусу Беларусі як краіны — гаспадыні чэмпіянату свету. «Гэта вельмі сур’ёзны момант. Я не падтрымліваю байкоты, але я за свабоду думкі. Калі Беларусь атрымала права на правядзенне першынства, яны абяцалі, што ўсе змогуць патрапіць у краіну без візы, а таму яны павінны выконваць абяцанні», — заявіў Кумола ў інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі YLE.

Калерва Кумола адзначыў, што Міжнародная федэрацыя хакею абмяркуе гэтае пытанне на нарадзе ў лютым, і што ў выключным выпадку першынства можа быць адменена.

Але што значыць «усе без візы»? Гэта значыць, і жук, і жаба, і раней неўяздныя ў Беларусь, і розныя дэструктыўныя элементы, і проста жабракі, якія прыпруцца нібыта паглядзець на Чэмпіянат свету, а потым застануцца назаўсёды… Можа, нам яшчэ і мытны кантроль адмяніць — едзь, хто хочаш, вазі, што хочаш?

А ці трэба нам тады такі Чэмпіянат свету па хакеі ўвогуле?