Як «гучыць» Ў на беларускай мове жэстаў? (фота)

Пра гэта можна было даведацца падчас JubiläumsFest — фестывалю з нагоды 25-годдзя Гётэ-Інстытута ў Беларусі і Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў (IBB), які прайшоў у першы дзень восені ў беларускай сталіцы.

42_5_logo.jpg


Падчас фестывалю адбылося больш 50 разнастайных івэнтаў. Сярод іх — адукацыйныя мерапрыемствы ад Беларускага ПЭН-Цэнтра і Adukacyja.info і іншых, экспрэс-курс па нямецкай мове; магчымасць навучыцца рабіць эфектыўныя Instagram stories з Радыё Свабода, прыдумляць і прэзентаваць ідэі — ад галоўнага рэдактара 34 multimedia magazine; прэзентацыя валанцёрскіх, экалагічных і сацыяльных праектаў; канцэрт ад швейцарскай групы Willibald і шмат чаго іншага.
Паколькі сёлета 1 верасня, так званы «Дзень ведаў», трапіў на нядзелю, у дзіцячых зонах было шмат юных удзельнікаў. Тут праходзілі майстар-класы па малюнкам у розных стылях і тэхніках, прыгатаванню печыва, віктарыны з адмысловымі прызамі. Беларускае прадстаўніцтва дзіцячага фонду UNICEF нагадала пра 30 год падпісання канвенцыі аб правах дзіцяці.


Народныя беларускія спевы і танцы прадэманстраваў беларускі фальклёрны гурт «Гуда». Усе жадаючы ўзялі ўдзел у майстар-класе па танцах.


Для людзей з інваліднасцю па слыху сродкам камунікацыі з’яўляецца мова жэстаў. Падчас мерапрыемства «Марафон беларускай жэставай мовы» былі ўзнятыя тэмы, прысвечаныя беларускай мове жэстаў і яе ролі ў супольнасці іншых моў.

30_5_logo.jpg


Картка з беларускім дактыльным алфавітам з схематычнымі малюнкамі жэстаў розных літар, у тым ліку «Ў». Літары Дж і Дз складаюцца з дапамогай выкарыстоўвання літар Д, Ж і З.

31_11_logo.png


Намесніца старшыні цэнтральнага праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» Святлана Ганеева зрабіла акцэнт на тым, што ў Беларусі выкарыстоўваецца менавіта беларуская мова жэстаў, плануецца актыўна адстойваць тэрмін «беларуская мова жэстаў» і замацаваць яго ў нарматыўна-прававой базе.


32_6_logo.jpg


Ірына Русаковіч, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ, распавяла пра праект «Ажыўшыя карціны» — стварэнне даступнага асяроддзя ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (сурдагіда) для людзей з парушэннем слыху, які быў рэалізаваны ў выставе «МАРА». Праект рабіўся на валанцёрскіх пачатках на працягу амаль двух гадоў.

33_7_logo.jpg


Уладзімір Мелехавец, настаўнік-метадыст для дзяцей з парушэннем слыху, адзначыў, што Беларусь з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам праекту «Распаўсюдзім жэст». Беларускія школы будуць спасылацца на сайт праекту, які ўяўляе сабою міжнародны слоўнік мовы жэстаў. Тут, дарэчы, можна знайсці фотаздымкі і беларускага дактыльнага алфавіту. У будучыні плануецца развіццё праекту з выкарыстоўваннем 3D-тэхналогій.

34_8_logo.jpg


Удзельнікі марафону прынялі удзел у майстар-класе па вывучэнню мовы жэстаў.


Афіцыйную частку святкавання 25-годзя з беларускага боку ўзначальваў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, з боку Германіі — Манфрэд Хутэрэр, амбасадар ФРГ у Беларусі.

41_6_logo.jpg


На думку главы нямецкай амбасады, «калі б сёння не было такога цэнтру (IBB – заўв. рэдакцыі), яго трэба было б прыдумаць дзеля супрацоўніцтва і дыялога, захоўвання і ўзмацнення пазітыўнай дынамікі у адносінах паміж Беларуссю як з Германіей, так і Еўрасаюзам у розных галінах, але перш за ўсё — у галіне культурных абменаў».


Фота і відэа аўтара