«Я адчуваю сябе вінаватым». Мінская лекарка распавяла пра эвалюцыю прыхільнікаў Лукашэнкі
Сталічная доктарка Аксана Мароз распавяла пра ўласны досвед стасункаў з прыхільнікамі дзеючай улады, якія трапляюць да яе на прыём.
— Маленькая замалёвачка з жыцця, — напісала Аксана Мароз на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Па родзе сваёй працы я сустракаюся з аднымі і тымі ж людзьмі з перыядычнасцю ў 4-6 месяцаў і бачу, як людзі мяняюцца.
Напярэдадні выбараў, у ліпені, адзін мой даўні пацыент сказаў: «Вось ніколі не галасаваў за Луку, а цяпер пайду, таму што будзе як ва Украіне». І ніякія мае довады яго не змаглі пераканаць.
Другі раз мы сустрэліся з ім пасля маршу ў Курапаты. Я спыталася ў яго: «Вы і цяпер упэўнены ў сваім выбары і апраўдваеце тое, што робіцца навокал?!» Яго адказ: «Так! АМАП не хапае каго папала, яны працуюць па наводцы — хапаюць экстрэмістаў». Я проста ... ад такога адказу ад 50-гадовага мужыка з вышэйшай адукацыяй. Мне каштавала вялікіх намаганняў сабрацца, стрымацца, пераключыцца на працу і аказаць яму якасную прафесійную дапамогу.
І вось на мінулым тыдні мы сустрэліся з ім зноў. Я спыталася: «Вы і цяпер ўпэўнены, што ўсё, што адбываецца вакол — гэта норма для цывілізаванай краіны?! Гэта норма, што пенсіянераў за чытанне беларускіх кніг — на Акрэсціна? Што 21-гадовую дзяўчынку-сірату асудзілі на восемь гадоў калоніі за тое, што аказвала дапамогу пратэстоўцам? Што кіроўцу, які ратаваў сваё жыццё і закрануў даішніка, далі 10 гадоў калоніі? Што застрэленага Шутава прызналі вінаватым? І ведаеце, ён разгублена адказаў: «Такога я не чакаў і я адчуваю сябе вінаватым».
Так што ўлада ўключыла рэжым самаразбурэння! Яна губляе апошніх сваіх прыхільнікаў. Мы абавязкова пераможам!Аксана Мароз — з ліку пратэсных медыкаў. Яна не толькі ўдзельнічала ў акцыях салідарнасці пасля выбараў, але і была затрыманая. Гэта адбылося ў лістападзе, падрабязнасці — тут.