Хронікі рэпрэсій за 17 чэрвеня: «зачыстка» ў Лідзе і новыя палітвязні

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі інфармацыю пра пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_1___1_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1313 дзён, Дзяніс — 1193.

***

Сілавікі пахваліліся масавай зачысткай на заводзе ў Лідзе.

Прынамсі пяцёра працаўнікоў металатканага завода «HaverBY» былі затрыманыя ў выніку міліцэйскага рэйду, піша «Наша Ніва».

Пра гэта 16 чэрвеня паведаміў адзін з каналаў сілавікоў. 

Як паведамілі прапагандысты, на прыватным прадпрыемстве 14 чэрвеня прайшла «адпрацоўка экстрэмістаў». У апублікаваным роліку бачна, як сілавікі з аўтаматамі і ў поўным абмундзіраванні ўрываліся ў цэхі, адцягвалі рабочых ад станкоў, укладвалі на зямлю і заводзілі рукі за спіну.

На якой падставе былі затрыманыя работнікі і які іх працэсуальны статус — не паведамляецца.

***

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за адпраўку ў тэлеграм-бот «Чорнай кнігі Беларусі» звестак пра суддзю Кастрычніцкага раёна Мінска.

«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў «Вконтакте». Там ён падпісаны як Іван Царык.

На камеру хлопец кажа, што працуе самазанятым у сферы ўстаноўкі антэн, відэаназірання і тэлекамунікацый. У сацсетках пазначана, што затрыманы працуе ў кампаніі «Мегашоп», якая спецыялізуецца на ўстаноўцы спадарожнікавага тэлебачання і сістэм «Разумны дом».

***

Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня завочна прысудзіў праваабаронцу Леаніда Судаленку да 5 гадоў пазбаўлення волі, а таксама аштрафаваў на 650 базавых велічынь (26 тысяч рублёў), паведамляе «Вясна».

Суд прызнаў Судаленку вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

***

Праваабаронцу «Вясны» Валянціна Стэфановіча перавялі ў ПКТ на 6 месяцаў, піша «Радыё Свабода».

Пра гэта выданню пасля спаткання расказаў сваяк аднаго са зняволеных ПК-15, дзе адбывае пакаранне Стэфановіч.

«Сядзіць у ПКТ ужо некалькі месяцаў, але і адтуль яго рэгулярна саджаюць у ШІЗА. Бывае, што і больш як на адзін дзесяцідзённы тэрмін. Але Стэфановіч — моцны духам чалавек, трымаецца», — расказала крыніца выдання.

У сакавіку 2023 года Валянціна Стэфановіча прысудзілі да 9 гадоў калоніі. Разам з іншымі праваабаронцамі Стэфановіча абвінавацілі ў «кантрабандзе буйной сумы наяўных праз мытную мяжу ЕўрАзЭС арганізаванай групай» (ч.4 арт.228 Крымінальнага кодэкса) і ў «фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.2 арт.342 КК).

***

Маладога прадпрымальніка затрымалі за каментары ў тэлеграме.

Як даведалася «Наша Ніва», затрыманага завуць Кірыл Чалядзінскі. Яму 35 гадоў, ён мінчук. У мужчыны ёсць невялікі бізнэс — ён гандлюе гадзіннікамі. Жанаты і мае дзіця.

Кірыла затрымалі крыху больш за тыдзень таму: ён быў анлайн у Тэлеграме і ў «ВКонтакте» яшчэ 9 чэрвеня. Яго абвінавачваюць ва «ўдзеле ў пратэстах» і напісанні каментароў у тэлеграм-чатах. Вядома, што ён іх выдаліў, прычым даволі даўно, але, верагодна, яны захаваліся ў «архівах» ГУБАЗіКа.

Акаўнт Чалядзінскага ў Тэлеграме зусім не абаронены: там стаіць яго фота, і ён прывязаны да яго беларускага нумара тэлефона.

***

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек.

Гэта Вячаслаў Негадзенка, Аляксандр Іода, Язэп Дулеба, Анатоль Валадзько, Аксана Ляпко.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 501 дзень, Максіма Знака — 496 дзён, Мікалая Статкевіча — 492 дні, Ігара Лосіка — 484 дні, Віктара Бабарыкі — 421 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 351 дзень, Уладзіміра Гундара — 318 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1409 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1563 чалавекі. Сярод іх — 187 жанчын і 2 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.