Хронікі рэпрэсій. Кастусёва пераводзяць на турэмны рэжым, звальненні ў браслаўскім музеі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 11 студзеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Палітвязня Рыгора Кастусёва збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Паводле рашэння суддзі Сяргея Кухацкавальца, старшыню Партыі БНФ могуць перавесці ў турму.

Нагадаем, Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе паводле арт.357 Крымінальнага кодэкса («Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»). Пазней яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У лістападзе стала вядома, што палітзняволенага змясцілі ў ПКТ на 6 месяцаў.

У зняволенні ў палітыка абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.


Глядзіце таксама

Затрымалі народнага майстра Беларусі Юрася Камандзірчыка. Паводле звестак «Позірку», майстар з'язджаў за мяжу на працу і вярнуўся ў Беларусь, каб аформіць пенсію.

62-гадовы Юрась — член Саюза народных майстроў, з 2021 года Народны майстар Беларусі. Ён адзін з аўтараў мемарыяльнага крыжа беларускаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Яго работы размешчаны ў розных месцах Беларусі.

Гомельскі абласны суд 11 студзеня ў закрытым рэжыме пачынае разгляд крымінальнай справы жыхара Навабеліцы, кухара Ігара Казубава. Мужчыну вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч.1 арт.130 КК), у паклёпе на Лукашэнку (ч.2 арт.367 КК) і яго абразе (ч.1 арт.368 КК).

Справу прызначаны разглядаць суддзя Сяргей Багінскі, вядомы сваімі жорсткімі прысудамі тым, хто патрапіў пад палітычны пераслед.

У сацыяльных сетках Ігара даволі шмат пастоў і паведамленняў пра беларускіх сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Таксама ён быў сярод 500 падпісантаў у 2019 годзе звароту да тагачаснай прэзідэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце, які датычыў перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863-1864 гадоў, павешаных царскімі ўладамі.


Глядзіце таксама

З Браслаўскага музея традыцыйнай культуры пасля «хапуна» звольнілі сем чалавек, паведамляе «Віцебская Вясна». Страцілі працу і тыя, хто адбываў адміністрацыйны арышт, у тым ліку цяпер ужо былая загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, і нават тыя, каму былі прызначаны штрафы.

Вызваленыя пасады пакуль не заняты: у Браславе проста няма адмыслоўцаў у музейнай справе, тым болей адмысловага профілю — знаўцаў у галіне традыцыйнай культуры.

Паводле сацыяльных сетак установы, там прымаюць наведнікаў, але пад пытаннем даследчыцкая і навуковая праца музея — ёй цяпер папросту няма каму займацца.

Віцебскія праваабаронцы таксама паведамілі, что наваполацкі суд арыштаваў на 10 сутак  прадпрымальніка Дзмітрыя Апанасовіча. Паводле міліцэйскага пратакола, мужчына на працягу трох гадоў, пачынаючы з кастрычніка 2020 года, у фэйсбуку захоўваў фатаграфію, якая змяшчае выяву з сімволікай бел-чырвона-белага колеру — лагатып платформы «Голас» з выява белай сняжынкі на блакітным фоне. А значыць, «незаконна пікетаваў».


Глядзіце таксама

У Беларусі заблакіравалі доступ карыстальнікаў да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання «Мой Брест». Адпаведны загад выдаў 9 студзеня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, піша БАЖ.

Інфармацыйны сайт «Мой Брест» быў створаны больш за дзесяць гадоў таму і распавядаў галоўным чынам пра навіны, падзеі і людзей, якія маюць дачыненне да Брэста і яго наваколля.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» сайт і сацсеткі медыя «Настоящее время». Адпаведнае рашэнне прынята судом Чыгуначнага раёна Віцебска 5 студзеня.

Поўны пералік «экстрэмісцкіх» старонак «Настоящего времени» займае 5 старонак — сярод іх «Настоящее Время. Беларусь», «Настоящее Время. Азия» і нават dzen-старонка медыя.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі тэлеграм-каналы і чаты «МЗКТ для жизни», «Навіны Вiлейка», «Сiтуацыйна-аналiтычны цэнтр», «Честные учителя Беларуси», «МЫ НЕ ХОЛОПЫ».


Глядзіце таксама

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — тэлеграм-канал «Андрей Суздальцев». Адпаведнае рашэнне прынята МУС 11 студзеня.

Суздальцаў — расійскі палітолаг, палітычны каментатар па беларускай тэматыцы. Ён нарадзіўся ва Уладзівастоку, у пачатку 1990-х гадоў пераехаў у Беларусь, дзе стаў разгортваць прарасійскую дзейнасць у асяродку дэмакратычнай апазіцыі. У 2006 годзе быў пазбаўлены віда на жыхарства і высланы з краіны. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Суздальцаў ставіў «пад пагрозу нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь».

Пасля дэпартацыі Суздальцаў асеў у Маскве, дзе стаў намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі.