Гродна. Адказ на заяўку 4 жніўня гарвыканкам даў… 6 жніўня
Толькі 6 жніўня грамадскі праваабаронца Віктар Сазонаў атрымаў праз пошту афіцыйны адказ Гарадзенскага гарвыканкаму на заяўку пра правядзенне пікету, які планаваўся 4 жніўня ў падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.
А між тым, заяўнікі падавалі адпаведны ліст, які быў афіцыйна зарэгістраваны яшчэ 19 ліпеня — у тэрмін, які адпавядае заканадаўству.
Такі абсурд з афіцыйным адказам выканкаму каментуе сам праваабаронца: “Гэтая сітуацыя паказвае тое, што ўлада сама настолькі скампраметавала сваё заканадаўства, што нават чыноўнікі не звяртаюць на яго ўвагу і не выконваюць элементарныя юрыдычныя палажэнні. Маю падазрэнне таксама, што пры сённяшнім становішчы новыя маладыя чыноўнікі не ведаюць нормаў заканадаўства, а такая сітуацыя рана ці позна прывядзе да краху ўсёй праўнай сістэмы, які адаб’ецца ў тым ліку і на самых чыноўніках”. harodniaspring.org