Дзіўная аператыўнасць: каб звольніць архіепіскапа Арцемія, у Маскве тэрмінова сабраўся Сінод РПЦ
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які выступіў з асуджэннем гвалту і беззаконня, афіцыйна адпраўлены ў адстаўку.
У Маскве 9 чэрвеня тэрмінова сабраўся Сінод РПЦ, каб разгледзець пытанне ўладыкі Арцемія. У выніку іерарх быў «адпраўлены на спачын па стане здароўя». Цяпер ён будзе жыць у Мінску, перадае «Наша Ніва».
Новым епіскапам у Гродне стаў 41-гадовы Антоній (свецкае імя Дзяніс Даронін), які да гэтага быў епіскапам Слуцкім і Салігорскім.
Архіепіскапу Арцемію 69 гадоў. Ён нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў Ленінградскай духоўнай семінарыі. Служыў святаром у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь. У 1996 годзе пастрыжаны ў манаства. У тым жа годзе стаў епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў архіепіскап Арцемій стаў адным з нямногіх іерархаў Беларускай праваслаўнай царквы, хто адкрыта выказаўся аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Адразу пасля жорсткага падаўлення пратэстаў ён заявіў у адной з пропаведзяў, што «мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым аб тым, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў».
Цяперашняй вясной Арцемій зноў ускосна выказаўся пра сітуацыю ў краіне і заявіў, што «ісці шляхам прыстасаванства — гэта шлях самазнішчэння».
Сінод Беларускай праваслаўнай царквы, які прыняў рашэнне аб вызваленні ад пасады архіепіскапа Арцемія, прайшоў толькі ўчора. Яго рашэнне павінен быў зацвердзіць Сінод РПЦ.