Дыктатар супраць Беларусі

Калі пра сваё вылучэнне на «выбары» абвясцілі спачатку Валерый Цапкала, пасля Віктар Бабарыка — да аптымізму з гэтай нагоды я, шчыра кажучы, паставіўся досыць скептычна.

117946302_758109448281325_9132284596331456171_n_logo.jpg


Проста таму, што яны казалі пра намер здабываць перамогу менавіта на выбарах — а выбараў у Беларусі няма пасля антыканстытуцыйнага перавароту пад выглядам «рэферэндуму» 1996 года.

Апошнія выбары, якія, хаця з парушэннямі і адміністратыўным рэсурсам, былі ўсё ж рэальнымі выбарамі — на якіх лічылі галасы — адбыліся ў 1995 годзе (парламенцкія). А апошнія прэзідэнцкія выбары — яны ж і першыя — у 1994, калі Лукашэнка адзіны-адзінюткі раз выйграў сумленна.

Нагадаем, што перад «рэферэндумам–96» Лукашэнка, наўпрост найгрубейшым чынам парушыўшы Канстытуцыю, прызначыў старшынёй Цэнтрвыбаркама бабруйскую юрыстку Лідзію Ярмошыну — якая ад таго, што мінулі 23 гады, больш законнай на гэтай пасадзе не зрабілася. Прызначыў менавіта дзеля таго, каб ніякіх выбараў ды рэферэндумаў у Беларусі насамрэч не было — адно іх імітацыя. Каб не выявіць, а схаваць рэальнае волевыяўленне грамадзянаў. Каб улада дыктатара больш не змянялася.

Стаўка на выбары як такія падавалася наіўнай.

Здаецца, так разважала і ўлада. Сяргея Ціханоўскага — папулярнага блогера, які мог разварушыць сітуацыю, заклікаючы да масавых пратэстаў, — за дзень да абвяшчэння даты «выбараў» пасадзілі адбываць «суткі» за снежаньскія акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. Дзеля таго, каб пазбавіць яго магчымасці падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Выключна з гэтай прычыны кандыдаткай стала Святлана Ціханоўская.

Але, як высветлілася з далейшага, якраз гэтая наіўнасць і зварухнула грамадства.

Банкаўскі менеджар, мажны, мірны, з сардэчкам у якасці эмблемы, звяртаецца да суграмадзянаў па падтрымку на выбарах (якіх няма). І выявілася, што суграмадзяне якраз гэтага і хочуць! У нармальных дзяржаўных сістэмах так і ёсць: прэзідэнт — гэта наняты менеджар, улада якога натуральна абмежаваная і які рэгулярна змяняецца на выбарах. А не нейкі там звар’яцелы «бацька», які робіць, што левая нага захоча.

Дэманстратыўна безадказнае стаўленне да пандэміі сталіся, відаць, апошняй кропляй — але ж далёка не адзінай. Гэта проста вельмі выразна выявіла канкрэтную небяспеку сітуацыі, як сівалапаму дыктатару, далёка, мякка кажучы, не сямі пядзяў у ілбе, — усё падуладна.

Людзям элементарна надакучыла. Нарэшце і ўрэшце.

Нездарма практычна гімнам зрабілася песня «Перемен!», створаная Віктарам Цоем больш за 30 гадоў таму, напярэдадні скону савецкай сістэмы, якая шмат каму ўяўлялася непарушнай — што там дыктатурка Лукашэнкі. Апошняя робіць адзінае, што яна ўмее, — гэта хлусня і скарыстанне грубай сілы. Па сутнасці, вайна дыктатара з народам Беларусі.

А грамадзяне Беларусі хочуць простых рэчаў. На выбарах — на самай справе выбіраць.

Святлана Ціханоўская з самога пачатку была падкрэслена тэхнічным кандыдатам. Галоўная задача якой — забяспечыць свабодныя сумленныя выбары. І гэта вельмі шмат.

Лукашэнка круціцца, як вужака на патэльні, вярзе нешта пра нейкіх невядомых «лялькаводаў», задае рытарычныя пытанні людзям, ці гатовыя яны перадаць «гэтую Канстытуцыю» ў іншыя рукі. Ды гатовыя! Толькі не ў тыя, у якіх яна цяпер! Хаця б таму, што ўявіць Ціханоўскую дыктатаркай — на гэта нават у лукашысцкага агітпропу фантазіі не хапіла.

Раней Лукашэнка гаварыў пра пакаленне, якое нарадзілася і вырасла за ягонай уладай. Так, яно ёсць, але гэтая ўлада яму дужа не падабаецца.

Маладыя людзі не разумеюць, чаму грамадзяне краіны не могуць абіраць на выбарах сваю ўладу. Чаму можна затрымліваць, напрыклад, раварыстаў, ці тых, хто стаіць у чарзе, каб падаць заяву за кандыдата. І сваё неразуменне гэтага яны цяпер выказваюць у даступнай форме.

Дый не толькі ж гэтаму пакаленню. 40-гадовыя мужыкі ў інтэрнэце з тугой пісалі: «Мы за ўсё жыццё ніводнага разу не ўдзельнічалі ў свабодных сумленных выбарах!» І выдатна ўсведамлялі, што гэта ненармальна.

А людзі ж не ў вакууме жывуць. Ведаюць, за каго галасавалі ў большасці сваёй іх сябры, сваякі, суседзі. Дый ёсць яшчэ інтэрнэт, куды таксама пішуць жывыя людзі (як яго ні перакрывай). Ніякімі лічбамі, намаляванымі Ярмошынай, гэтага не скасуеш. Кіроўны рэжым, дарэчы, спалохаўся якраз электаральнай паразы — пабачыўшы шматгадзінныя чэргі, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Лукашэнка лепятаў пра нейкія «каруселі», але якія ж каруселі, калі людзі стаяць са сваімі пашпартамі, подпісы правяраюцца. Лепш бы ўцяміць: людзі жадаюць змены ўлады.

А вось у падтрымку Лукашэнкі — толькі тыя, хто па службе.

Не за асобу Ціханоўскай, а за свабоду супраць бяспраўя, супраць дыктатуры выходзяць людзі. А ў навінах БелТА ды «Советской Б.» — якія ў інтэрнэце адкрываюцца без перашкодаў — на першым месцы «Лукашэнка сабраў нараду па актуальных пытаннях развіцця харчовай прамысловасці». Тыпу таго, што «ў Багдадзе ўсё спакойна»… Дарэчы, і за дыктатурай Садама Хусейна ў Багдадзе было «ўсё спакойна». А пасля дыктатара павесілі…