Дэпутаты прынялі законапраект аб альтэрнатыўнай службе
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект “Аб альтэрнатыўнай службе”. Як паведаміў, прадстаўляючы дакумент, старшыня парламенцкай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір Васіленка, падставай для праходжання альтэрнатыўнай службы будуць з`яўляцца рэлігійныя перакананні.
На альтэрнатыўную службу могуць накіроўвацца грамадзяне мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, прыгодныя па стане здароўя і фізічным развіцці да праходжання вайсковай службы, якія асабіста напісалі заяву аб тым, што прыняцце вайсковай прысягі і нашэнне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням.
Грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, павінны будуць прыцягвацца да грамадска карыснай дзейнасці ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных пуцей, а таксама ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях.
Тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, складзе 36 месяцаў, якія маюць вышэйшую адукацыю — 24 месяцы.
Для звычайных ваеннаслужачых гэтыя тэрміны складаюць 12 і 18 месяцаў адпаведна, а для тых, хто на момант прызыву прайшоў навучанне на ваенных кафедрах або факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, — 6 месяцаў.
Згодна з новым законапраектам, у перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы грамадзянам будзе выплачвацца штомесячнае грашовае ўтрыманне, устаноўленае ў памеры 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва (цяпер ён складае 1 млн. 474 тыс. 870 рублёў). Пачынаючы з 13-га месяца альтэрнатыўнай службы памер грашовага ўтрымання будзе павышацца на 20% БПМ, пачынаючы з 25-га месяца — на 40%.
Дэпутаты ніжняй палаты таксама прынялі ў другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях альтэрнатыўнай службы. Прадугледжаныя гэтым дакументам дапаўненні ў Крымінальны кодэкс накіраваныя на карэкціроўку яго палажэнняў у частцы ўстанаўлення адказнасці за ўхіленне ад праходжання альтэрнатыўнай службы і невыкананне тэрмінаў яўкі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Акрамя таго, у законе "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" прапаноўваецца замацаваць гарантыю давання першага працоўнага месца грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы.