Дашкевіч пра ноч у Курапатах: «Тут фактычна будаўнікі-амапаўцы»

Актывісты, якія раніцай 20 лютага распачалі варту на будоўлі ​на поўначы Мінску, выстаялі ноч. Яны процістаяць забудове часткі тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Курапаты, дзе былі расстраляныя і пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.

Зміцер Дашкевіч у Курапатах, фота 20 лютага

Зміцер Дашкевіч у Курапатах, фота 20 лютага

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, які днём раней стаяў на варце ад ранку да ночы і быў збіты будаўнікамі, сёння а 7:30 раніцы вярнуўся ў Курапаты.

«Тут сем абаронцаў стаіць, з якіх тры чалавекі… як бы не зусім і абаронцы, — распавядае Дашкевіч Свабодзе. — Напаўжывыя, бо ноч не спалі, мокрыя ўсе… О, вось ужо восьмы чалавек!

Будаўнікі пачалі работы, падлічваюць страты ад пагнутых платоў, кажуць, нібы заведзеная крымінальная справа пра папсаванае жалеза. Яны тут бегалі, рыдлёўкамі раскідалі цяпельца, якое хлопцы расклалі. Далей вогнішча ўжо не распальвалі, тут слота, гразюка, а яшчэ гэтыя кідаюцца…

Можа, тут сёння ўсё будзе зачышчанае. Вельмі шмат будаўнікоў. Такое ўражанне, што некаторыя будаўнікі быццам бы і не будаўнікі. Агрэсіўныя такія, кідаюцца, фактычна функцыі АМАП выконваюць. Мы-та разлічвалі, што будзе як у 2001 годзе — яны папрацавалі, сышлі, мы разабралі гэта за ноч… А цяпер тут фактычна будаўнікі-амапаўцы — і будуюць, і кідаюцца, і бойкі распачынаюць».

Дашкевіч кажа, неабыякавыя людзі ездзілі да актывістаў усю ноч, падвозілі гарбату і блінцы. Праз надвор’е, кажа ён, актывісты не адмовіліся б ад дапамогі ў выглядзе не вельмі патрэбных гаспадарам цёплых рэчаў. Разыходзіцца яны па-ранейшаму не збіраюцца.

 Гэта не першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасня 2001 года да 2 чэрвеня 2002 года. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён.

www.svaboda.org