«Цуду» дачакаліся: рабочым з Гарадка пасля скандалу ў СМІ выплацілі заробак за 3 месяцы

Рабочым прадпрыемства ПМК-51 у Гарадку Віцебскай вобласці, нарэшце, выплацілі доўг па заробку за снежань і студзень.

bf524392405dbcbc8f86084f5de2adee.jpg

Нагадаем, на мінулым тыдні паведамлялася пра тое, што работнікі прадпрыемства не атрымлівалі заробленых грошай з лістапада.
Тады адзін з рабочых — Іван — распавядаў Віцебскаму кур'еру:
"У навінах казалі, што прэзідэнт загадаў падтрымаць будаўнікоў, павысіць ім заробкі, каб спецыялісты не ехалі на заробкі ў Польшчу ці Расею. А ў нас аб павышэнні і гаворкі не ідзе, хоць бы наогул нешта заплацілі.
Апошнія грошы мы атрымлівалі ў лістападзе, а сёння на двары люты. З людзьмі рэгулярна размаўляюць дырэктар, прадстаўнікі мясцовай улады і прафсаюзаў, распавядаюць пра цяжкую сітуацыю, просяць крыху пачакаць. А колькі чакаць?"
На шчасце, дзякуючы грамадскаму рэзанансу пасля публікацыі ў СМІ, чакаць давялося нядоўга. Усяго праз некалькі дзён на прадпрыемстве правялі прыём намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Дубаў, старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач і іншыя прадстаўнікі ўлады.
Людзям паабяцалі, што разлічацца з запазычанасцямі па зарплаце ў бліжэйшы час, а намеснік генеральнага пракурора абяцаў узяць гэтае пытанне на кантроль.
"Цуд! Па-іншаму не скажаш, — пракаментаваў Іван. — Мы, вядома, спадзяваліся, але што грошы выплацяць так аператыўна — не чакалі".
Паводле belaruspartisan.by