Было 300 стала 5: Большасць аграэкасядзіб у Браслаўскім раёне не прайшлі перарэгістрацыю
У Браслаўскім раёне Беларусі налічвалася 300 аграэкасядзіб. Пасля перарэгістрацыі іх засталося ўсяго 5. Але праблемы тут чыноўнікі не бачаць
Пасля абавязковай перарэгістрацыі аграсядзіб у Браслаўскім раёне засталося ўсяго 5 аграсядзіб з 300, а ў Дубровенскім і Талачынскім раёнах — ніводнай.
Пра гэта стала вядома са словаў Вольгі Фёдараваў, галоўнага спецыяліста сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.
Фёдарава распавяла БелТА, што асноўныя прэтэнзіі да ўладальнікаў аграсядзіб заключаліся ў тым, што іх асноўная дзейнасць ператварылася ў здачу жылля ў наём.
«У Віцебскай вобласці было вельмі шмат аграэкасядзіб. Асноўная маса прыходзілася на Браслаўскі раён — там было 300 аграэкасядзіб, а пры перарэгістрацыі засталося толькі пяць. Далей мы іх не кантралюем», — заявіла чыноўніца.
Для перарэгістрацыі сядзібы прыязджала спецыяльная камісія, якая фіксавала парушэнні заканадаўства.
«У кагосьці былі пытанні па гігіене, таму што вызначаны шэраг новых патрабаванняў. Нават калі ў іх ўстаноўлена мангальная зона, то па новых патрабаванням павінна быць абавязкова і праточная вада, а раней такая дзейнасць магла ажыццяўляцца ў доме, на хутары, і іх не правяралі», — сказала Фёдарава.
Прадстаўніца аблвыканкама не лічыць змяншэнне колькасці аграсядзіб праблемай.
«І гэта вялікі плюс, што ў нас засталіся найлепшыя з найлепшых сядзіб, якія працуюць па вузкай спецыялізацыі», — заявіла Фёдарава.
Цяпер у Віцебскай вобласці зарэгістравана 162 аграэкасядзібы. Больш за ўсё іх засталося ў Глыбоцкім раёне — 32. У Дубровенскім і Талачынскім раёнах няма ніводнай сядзібы.
На пачатак 2023 года ў Беларусі налічвалася 3043 аграсядзібы. Па дадзеных на снежань 2023 года, перарэгістрацыю прайшлі 1297. Таксама было зарэгістравана 170 новых аграсядзіб.
Паводле reform.by, thinktanks.by